Раніцай 17 верасьня Паветраныя сілы Латвіі зафіксавалі «неапазнаны аб’ект», які наблізіўся да латвійска-беларускай мяжы і перасек яе на тэрыторыі Краслаўскага краю.
Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Латвіі, для агляду рэгіёну з вайсковай базы ў Ліелвардэ ў паветра паднялі зьнішчальнікі місіі NATO, якія патрулююць паветраную прастору.
«У латвійскай паветранай прасторы падазроных аб’ектаў не знайшлі. Самалёты NATO вярнуліся на месца сваёй дысьлякацыі. Пра інцыдэнт праінфармавалі кіраўніцтва самакіраваньняў Латгальскага рэгіёну», — адзначаецца ў паведамленьні.
Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі заклікалі грамадзян неадкладна паведамляць пра падазроныя прадметы або дзейнасьць на мяжы Латвіі.
- 7 верасьня ў Рэжыцкім краі Латвіі ўпаў бесьпілётнік, які, як мяркуецца, мог прыляцець з тэрыторыі Беларусі. Інфармацыі пра пацярпелых і пашкоджаньні не было. Бесьпілётнік упаў у полі, далёка ад якіх-небудзь населеных пунктаў.
- Расейскі дрон аказаўся бесьпілётнікам тыпу Shahed і быў начынены выбухоўкай, паведаміла кіраўніцтва Нацыянальных узброеных сіл Латвіі. Дрон дэактывавалі, цяпер яго пільна аналізуюць.
- У Мінабароны Латвіі паведамілі, што, мяркуючы па першых зьвестках, гэта расейскі бесьпілётнік вайсковага прызначэньня і, паводле інфармацыі Нацыянальных узброеных сіл Латвіі, ён уляцеў у паветраную прастору Латвіі зь Беларусі. Даступная спэцыялістам першапачатковая інфармацыя сьведчыць пра тое, што дрон «ня меў спэцыфічнай мэты прыляцець у Латвію».
- МЗС Латвіі 9 верасьня выклікала часовага паверанага Расеі і выказала яму катэгарычны пратэст у сувязі з выяўленьнем 7 верасьня на сваёй тэрыторыі расейскага бесьпілётніка («Шахэда»), які ўварваўся ў латвійскую паветраную прастору з боку Беларусі.
Форум