Зварот падпісалі, у тым ліку, актрыса Жульет Бінош, рэжысэр Ёргор Лантымас, а таксама ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.
Гнёт перад рэзыдэнцыяй сэрбскага прэзыдэнта заявіў, што ў выпадку экстрадыцыі ў Беларусі яго чакаюць «катаваньні» і, «верагодна, сьмяротнае пакараньне», паведамляе балканская служба Радыё Свабода.
«Рэжым учыняе жудасныя рэпрэсіі ў дачыненьні да палітычных дысыдэнтаў, журналістаў, актывістаў, і з кожным днём робіцца ўсё горш. Справядлівасьці ў Беларусі больш не існуе», — дадаў ён.
Апэляцыйны суд Бялграду 11 верасьня абвясьціў, што адмяніў рашэньне Вярхоўнага суду аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь і накіраваў справу на новы разгляд.
Тлумачачы рашэньне, якім адмяніў рашэньне Вярхоўнага суду першай інстанцыі і накіраваў справу на новы разгляд у суд першай інстанцыі, апэляцыйны суд адзначыў, што «пададзеныя касацыйныя скаргі цалкам абвяргаюць законнасьць і правільнасьць рашэньня суду першай інстанцыі».
«Факты, якія зьяўляюцца прадметам даказваньня, не прыводзяцца, а выкладзеныя зьяўляюцца цалкам незразумелымі і ў той жа час супярэчаць адзін аднаму», — гаворыцца ў тлумачэньні апэляцыйнага суду.
Беларускія праваахоўныя органы абвінавачваюць Гнёта ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, сам ён называе абвінавачваньні ілжывымі і сьцьвярджае, што гэта «сыстэмны мэханізм судовага перасьледу» апанэнтаў улады.
- Гнёт — заснавальнік Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў (SOS BY), якое ў Беларусі лічыцца экстрэмісцкай арганізацыяй.
- Калі ў чэрвені 2021 году ён атрымаў непадпісаную позву з просьбай зьявіцца «ў якасьці сьведкі» ў Сьледчы камітэт Беларусі, адвакаты Гнёта параілі яму пакінуць Беларусь, бо такія позвы сьведчаць пра жаданьне беларускіх уладаў арыштаваць яго.
- У кастрычніку 2023 году Гнёт быў арыштаваны ў аэрапорце Бялграда на падставе выдадзенага на яго Беларусьсю ордэра Інтэрполу, які пазьней быў ануляваны.
- Ён прыехаў у Сэрбію з Тайлянду, дзе быў на эміграцыі. Ён правёў сем месяцаў у Цэнтральнай турме Бялграду, перш чым 5 чэрвеня яго перавялі пад хатні арышт.
Форум