Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскага алігарха Каламойскага пазбавілі грамадзянства Кіпру


Ігар Каламойскі
Ігар Каламойскі

Урад Кіпру пазбавіў грамадзянства ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага. Пра гэта паведаміла кіпрскае выданьне Phileleftheros.

У рашэньні ўладаў гаворыцца, што Каламойскі пры атрыманьні грамадзянства схаваў некаторыя факты сваёй біяграфіі, а наданьне яму грамадзянства стварала і працягвае ствараць рызыку для рэпутацыі краіны.

У прыватнасьці, іміграцыйнае ведамства згадвае, што ў сваёй заяве на атрыманьне грамадзянства ў 2010 годзе Каламойскі схаваў, што двума гадамі раней у Расеі супраць яго распачалі крымінальную справу, зьвязаную з ухіленьнем ад выплаты падаткаў. Аналягічнае абвінавачанне прад’яўлена яму і ва Ўкраіне.

Цяпер Ігар Каламойскі знаходзіцца ва Ўкраіне пад вартай. Супраць яго вылучылі абвінавачаньні ў адмыванні грошай, вывадзе за мяжу каля 12,5 мільярдаў даляраў у пэрыяд з 2013 па 2020 год, у незаконным завалоданьні 233 мільёнамі даляраў Прыватбанку і ў арганізацыі заказнога забойства ў 2003 годзе.

Каламойскі ў 2010 годзе атрымаў на Кіпры так званы «залаты пашпарт» — грамадзянства ў абмен на буйныя інвэстыцыі. Цяпер Кіпр адклікаў грамадзянства ў яго і яшчэ ў сямі буйных інвэстараў, якіх западозрылі ў махлярстве пры працэдуры натуралізацыі. У Каламойскага ёсьць таксама грамадзянства Ізраіля. У 2022 годзе паведамлялася, што ўказам Уладзіміра Зяленскага Каламойскі быў пазбаўлены грамадзянства Ўкраіны.

  • Ігар Каламойскі — адзін з найбагацейшых людзей Украіны, былы губэрнатар Днепрапятроўскай вобласці. З сакавіка 2021 году ён і ягоная сям’я знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.
  • Каламойскага называлі адным са спонсараў прэзыдэнцкай кампаніі Уладзіміра Зяленскага ў 2019 годзе. Пазьней прэзыдэнт Украіны пачаў даволі рэзка выказвацца пра Каламойскага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG