Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Associated Press пра русыфікацыю Беларусі: «Сёньня Лукашэнка расплачваецца Пуціну сувэрэнітэтам»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Амэрыканскае агенцтва Associated Press апублікавала артыкул пра тое, як у Беларусі зьнікае родная мова, а расейская займае першыя ролі.

Журналісты Associated Press у пачатку артыкула расказваюць гісторыю 15-гадовага беларуса Мікалая, які сёлета выявіў, што настаўнікі і адміністратары ягонай школы больш не называюць яго такім імем. Замест гэтага яны называюць яго Нікалаем, ужываючы расейскі эквівалент ягонага імя.

Больш за тое, заняткі ў яго школе — адной зь лепшых у краіне — цяпер вядуцца на расейскай мове, а не на беларускай, на якой ён размаўляў большую частку жыцьця. Горад і школу журналісты не называюць зь меркавантняў бясьпекі іх суразмоўцы, бацькі Мікалая.

«Такія беларусы, як Мікалай, перажываюць новую хвалю русыфікацыі, калі Масква пашырае сваё эканамічнае, палітычнае і культурнае панаваньне, каб пераняць ідэнтычнасьць свайго суседа»,— піша агенцтва і згадвае, як гэта рабілася раней, калі Расея пры царах і ў часы Савецкага Саюза навязвала Беларусі сваю мову, сымбалі і культурныя інстытуты.

«З распадам СССР у 1991 годзе краіна пачала сьцьвярджаць сваю ідэнтычнасьць, і беларуская мова ненадоўга стала дзяржаўнай мовай, а бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг замяніў вэрсію чырвонага сьцяга зь сярпом і молатам.

Але ўсё змянілася ў 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, які зрабіў расейскую мову дзяржаўнай, нароўні зь беларускай, і пазбавіўся нацыянальнай сымболікі.

Цяпер, калі Лукашэнка кіруе краінай больш за тры дзесяцігодзьдзі, ён дазволіў Расеі дамінаваць ва ўсіх аспэктах жыцьця ў Беларусі. Беларускую мову ўжо амаль не чуваць на вуліцах Менску і іншых буйных гарадоў.

Афіцыйнае справаводзтва ідзе на расейскай, якая дамінуе ў большасьці СМІ. Лукашэнка гаворыць толькі па-расейску, а чыноўнікі часта не карыстаюцца роднай мовай»,— піша АР.

Краіна залежыць ад расейскіх крэдытаў і танных энерганосьбітаў і стварыла палітычны і ваенны альянс з Масквой, што дазволіла прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну разьмясьціць войскі і ракеты на беларускай тэрыторыі, якая выкарыстоўвалася ў якасьці пляцдарма для вайны ва Ўкраіне»,— піша агенцтва.

«Я разумею, што наша Беларусь акупаваная... А хто там прэзыдэнт? Не Лукашэнка. Прэзыдэнт — гэта Пуцін», — сказала агенцтву Сьвятлана Алексіевіч, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 2015 года, якая жыве ў Нямеччыне ў фактычнай эміграцыі:

«Нацыя прыніжаная, і беларусам будзе вельмі цяжка ад гэтага акрыяць»,— дадала яна.

Агенцтва нагадвае, што дзеячы беларускай культуры падвяргаліся перасьледу, былі закрытыя сотні нацыянальных арганізацый, і дадае, што экспэрты кажуць, што Масква імкнецца рэалізаваць у Беларусі тое, што Крэмль меў намер зрабіць у суседняй Украіне, калі там пачалася вайна ў 2022 годзе.

«Відавочна, што нашых дзяцей сьвядома пазбаўляюць роднай мовы, гісторыі і беларускай ідэнтычнасьці, але бацькам настойліва рэкамэндавалі не задаваць пытаньняў пра русыфікацыю», — сказаў бацька Мікалая Анатоль.

Анатоль размаўляў з Associated Press пры ўмове не выкарыстоўваць яго прозвішча, баючыся расплаты.

«Нам паведамілі аб сынхранізацыі навучальных праграм з Расеяй у гэтым годзе і паказалі прапагандысцкі фільм пра тое, як украінскія спэцслужбы нібыта вярбуюць нашых падлеткаў і прымушаюць іх здзяйсьняць дывэрсіі ў Беларусі», — распавёў ён.

Школа Мікалая была адной зь нямногіх, дзе справаводства і некаторыя ўрокі вяліся па-беларуску. Аднак за апошнія гады дзясяткі настаўнікаў былі звольненыя, а беларускамоўны раздзел сайта школы зьнік.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, асуджаны ў 2023 годзе, патрабаваў, каб суд над ім вёўся па-беларуску. Суд гэта адхіліў і асудзіў яго на 10 гадоў, нагадвае АР.

Агенцтва згадвае, як Лукашэнка «высьмейваў родную мову», казаў, што маўляў, «па-беларуску нічога вялікага нельга выказаць, што ў сьвеце толькі дзве вялікія мовы: расейская і ангельская».

«Нават размова па-беларуску разглядаецца як дэманстрацыя апазыцыі Лукашэнку і дэклярацыя нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэта адыграла ключавую ролю ў масавых пратэстах пасьля спрэчных выбараў 2020 года, якія далі аўтарытарнаму лідэру шосты тэрмін. У выніку жорсткіх рэпрэсій паўмільёна чалавек пакінулі краіну»,— піша агенцтва.

«Беларуская мова ўсё больш успрымаецца як прыкмета палітычнай неляяльнасьці і ад яе адмаўляюцца на карысць расейскай у дзяржаўным кіраваньні, адукацыі, культуры і сродках масавай інфармацыі па загадзе герархіі або з-за страху дыскрымінацыі», — сказала АР Анаіс Марэн, спэцдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі.

У той жа час «усё больш людзей хоча размаўляць на беларускай мове, якая стала адным з сымбаляў свабоды, але яны баяцца рабіць гэта публічна», — лічыць аўтарка кнігі пра беларускую мову «Мова 404» Аліна Нагорная, якая сама адчула дыскрымінацыю за тое, што размаўляла на роднай мове.

Як і ва Ўкраіне, у беларусаў было імкненьне да збліжэньня з Эўропай, якое суправаджалася іх нацыянальнымі настроямі, лічыць беларускі аналітык Валер Карбалевіч.

«Але Крэмль хутка ўсвядоміў небясьпеку і пачаў працэс паўзучай русыфікацыі ў Беларусі», — дадаў ён.

Гэта падштурхнула прарасейскія арганізацыі, сумесныя адукацыйныя праграмы і культурныя праекты, якія ўзнікалі «як грыбы пасля дажджу — на фоне жорсткіх рэпрэсій супраць усяго беларускага», сказаў Карбалевіч.

Цэнзура і забароны закранаюць ня толькі сучасную беларускую літаратуру, але і яе класіку. У 2023 годзе пракуратура прызнала экстрэмісцкімі вершы ХІХ стагодзьдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які выступаў супраць Расейскай імпэрыі.

Калі ў 2020 годзе Крэмль пачаў падтрымліваць Лукашэнку супраць пратэстаў, той забясьпечыў Крамлю ляяльнасць і атрымаў карт-блянш у Беларусі.

«Сёння Лукашэнка расплачваецца Пуціну нашым сувэрэнітэтам», — заявіла АР Сьвятлана Ціханоўская:

«Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць, культура і мова — наша самая моцная зброя супраць „рускага сьвету“ і русыфікацыі».

Чатыры гарады Беларусі цяпер прымаюць «Расейскія дамы» для прасоўвання сваёй культуры і ўплыву, прапаноўваючы сэмінары, кінаклюбы, выставы і конкурсы.

«Мэта — насаджэньне расейскіх наратываў, каб як мага больш беларусаў лічылі расейскую мову сваёй», — лічыць аналітык Аляксандр Фрыдман.

«Крэмль не шкадуе сродкаў і дзейнічае маштабна, што можа быць асабліва эфэктыўна і небясьпечна ў сытуацыі, калі Беларусь апынулася ў інфармацыйнай ізаляцыі, а супрацьстаяць „рускаму сьвету“ ўнутры краіны практычна не засталося каму».

Амаль уся трупа найстарэйшага ў краіне тэатра імя Янкі Купалы ўцякла зь Беларусі на фоне палітычных рэпрэсій. Яго былы дырэктар Павал Латушка, цяпер апазыцыянэр за мяжой, кажа, што новае кіраўніцтва ня можа набраць актораў і мусіла запрашаць расейцаў, «але высьветлілася, што ніхто ня ведае беларускай мовы».

«Пуцін апублікаваў артыкул, у якім адмаўляў існаваньне незалежнай Украіны, яшчэ ў 2021 годзе, і ўжо тады мы выдатна разумелі, што падобныя мэты ён перасьледуе ў Беларусі», — сказаў Латушка.

«Асноўнай стравай павінна была быць Украіна», — дадаў ён, з русыфікаванай Беларуссю «на дэсэрт».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG