Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрэнін падзяліўся ў Кітаі формулай «справядлівага міру» без падзелу на Ўсход і Захад


Віктар Хрэнін на 11-ым Сяншаньскім форуме, 13 верасьня 2024. Фота Міністэрства абароны Беларусі
Віктар Хрэнін на 11-ым Сяншаньскім форуме, 13 верасьня 2024. Фота Міністэрства абароны Беларусі

Беларусь заяўляе аб прыхільнасьці міру і бясьпецы і працягвае падтрымліваць агрэсію Расеі супраць Украіны.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што ў Беларусі «ідэі міру, бясьпекі, абароненасьці ад вонкавых пагроз» сталі асновай унутранай і замежнай палітыкі.

Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы Мінабароны Беларусі, Віктар Хрэнін на 11-м Сяншаньскім форуме «падзяліўся формулай справядлівага міру, які ня дзеліцца на Ўсход і Захад, а ў якім у пытаньнях міжнароднай бясьпекі і мірнага суіснаваньня на плянэце важны голас кожнай дзяржавы».

Віктар Хрэнін паведаміў, што Беларусь ініцыявала распрацоўку Эўразійскай хартыі разнастайнасьці і шматпалярнасьці ў XXI стагодзьдзі, якая можа аб’яднаць намаганьні ўсіх дзяржаў кантынэнту ў стварэньні іншага сьветапарадку.

«Ня выключана і тое, што ў выніку супольнай працы мы прыйдзем да стварэньня новай АБСЭ, у якой, аднак, „Э“ будзе азначаць ужо не Эўропу, а Эўразію. Але зьвяртаю ўвагу, што і дзяржавы Эўропы як неад’емная частка Эўразійскага кантынэнту, павінны ўдзельнічаць у гэтых працэсах. У выніку ўсе рашэньні ў пытаньнях будуць прымацца сапраўднай Глябальнай большасьцю, а не закрытым клюбам заходніх краін», — заявіў міністар абароны Беларусі.

Паводле яго, новая сыстэма міжнародных дачыненьняў мусіць абапірацца на міжнароднае права, узаемны давер і роўнасьць, улічваць нацыянальныя, рэлігійныя і культурныя асаблівасьці народаў, выключаць умяшаньне ва ўнутраныя справы дзяржаў для зьмены выбранага шляху разьвіцьця, прызнаваць і паважаць разнастайнасьць мэханізмаў практычнай супрацы.

12 верасьня міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў падчас 9-га саміту «Пояс і шлях» у Ганконгу заявіў, што беларускія ўлады «поўныя рашучасьці не дапусьціць уцягваньня Беларусі ў канфлікт ва Ўкраіне», які «ператварыўся ў поўнамаштабнае ваеннае супрацьстаяньне».

  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў. Тысячы расейскіх войскаў увайшлі ва Ўкраіну зь Беларусі ў пачатку ўварваньня, зь беларускай тэрыторыі запускалі балістычныя ракеты па Ўкраіне, а расейскія бамбавікі запускалі ракеты з паветранай прасторы Беларусі.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG