Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін расказаў, што зьменіць дазвол Кіеву наносіць удары па Расеі далёкасяжнай зброяй


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Дазвол Кіеву наносіць удары па тэрыторыі Расеі далёкасяжнай зброяй будзе азначаць непасрэдны ўдзел краінаў NATO і эўрапейскіх дзяржаваў у вайне ва Ўкраіне, заявіў журналістам у чацьвер у Санкт-Пецярбургу расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.

Як сказаў Пуцін, краіны NATO зараз ня проста абмяркоўваюць магчымае выкарыстаньне Кіевам заходніх далёкасяжных узбраеньняў, але па сутнасьці яны прымаюць рашэньне, уцягвацца ці не непасрэдна ў канфлікт. Прэзыдэнт РФ адзначыў, што «палётныя заданьні ў гэтыя ракетныя сыстэмы, па сутнасьці, могуць уносіць толькі вайскоўцы краінаў NATO».

Таксама ў гутарцы з журналістамі Пуцін сказаў, што «прамы ўдзел краінаў Захаду ва ўкраінскім канфлікце мяняе яго сутнасьць». «Расея будзе вымушаная прымаць рашэньні, зыходзячы з пагрозаў, якія такім чынам ствараюцца», — падкрэсьліў прэзыдэнт РФ.

Камэнтары Пуціна прагучалі ў пэрыяд, калі ўлады Ўкраіны працягваюць спробы дамагчыся ад Захаду паставак больш магутных узбраеньняў, але зь меншымі абмежаваньнямі на іх выкарыстаньне. Расейскія войскі тым часам працягваюць наступ на ўсходзе Ўкраіны.

Магчымае зьняцьцё забароны для Ўкраіны на выкарыстаньне далёкасяжных ракетаў для ўдараў па вайсковых аб’ектах у Расеі абмяркоўвалася на гэтым тыдні падчас перамоваў у Кіеве з удзелам кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў ЗША і Вялікай Брытаніі — Энтані Блінкена і Дэвіда Лэмі. У сераду яны пабывалі ва Ўкраіне з сумесным візытам. У рамках паездкі прайшла іх сустрэча з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Паводле Блінкена, пытаньне аб дальнабойных ракетах «несумненна» абмяркуюць прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармер падчас іх сустрэчы 13 верасьня ў Вашынгтоне. Дзяржсакратар адзначаў, што ў абмеркаваньні пытаньня адыгрываюць ролю асьцярогі, што дазвол на яго выкарыстаньне па цэлях у Расеі можа прывесьці да эскаляцыі. Пры гэтым, як сказаў Блінкен, гэта не адзіны фактар, які трэба прымаць пад увагу.

Газэта The Guardian са спасылкай на крыніцы ў брытанскім урадзе ўвечары ў сераду выступіла са сьцьвярджэньнем, што Лёндан ужо прыняў рашэньне дазволіць Украіне выкарыстоўваць ракеты Storm Shadow па цэлях у глыбіні Расеі. Выказваньні Блінкена The Guardian таксама называе намёкамі на прыняцьце адпаведных рашэньняў з боку ЗША. Як адзначае газэта, візыт Лэмі і Блінкена ў Кіеў наўрад ці адбыўся б, калі б такога рашэньня не было.

Афіцыйна ні Вашынгтон, ні Лёндан пакуль не абвяшчалі аб адмене абмежаваньняў, аднак на днях як прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, так і дзяржсакратар Энтані Блінкен заявілі, што вядуцца дыскусіі аб магчымым пераглядзе палітыкі.

Уладзімір Пуцін раней ужо неаднаразова выказваў ацэнку, што фактычна краіны NATO ўдзельнічаюць у вайне ва Ўкраіне. «З пункту гледжаньня наяўнасьці дарадцаў, інструктараў, то тут навізны ніякай няма. Яны прысутнічаюць на тэрыторыі Ўкраіны», — прыводзіць словы Пуціна выданьне «Медуза», адзначаючы, што выказваньне прагучала ў чэрвені гэтага года. Тады Пуцін таксама выказваў упэўненасьць, што УСУ ня могуць самі кіраваць амэрыканскімі ракетамі ATACMS і эўрапейскімі Storm Shadow.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG