Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША дадуць Украіне новую дапамогу ў памеры 700 мільёнаў даляраў, Вялікая Брытанія — на 242 мільёны фунтаў


Дэвід Лэмі (зьлева) і Энтані Блінкен, Кіеў, 11 верасьня 2024
Дэвід Лэмі (зьлева) і Энтані Блінкен, Кіеў, 11 верасьня 2024

ЗША акажуць Украіне новую фінансавую падтрымку. На гэты раз сума дапамогі складзе больш за 700 мільёнаў даляраў, паведаміў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Пра дапамогу ад Вялікай Брытаніі ў памеры 242 мільёнаў фунтаў заявіў кіраўнік брытанскага МЗС Дэвід Лэмі.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэвід Лэмі 11 верасьня наведваюць з сумесным візытам Кіеў. Яны сустрэліся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Дзяржсакратар ЗША пацьвердзіў, што на сустрэчы абмяркоўвалася ў тым ліку пытаньне аб магчымым зняцьці абмежаваньняў для Украіны на ўдары заходняй дальнабойнай зброяй па цэлях у глыбіні тэрыторыі Расеі. Як сказаў Блінкен, ён перадасьць зьмест дыскусій прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну.

Што тычыцца дапамогі, дык па словах Блінкена, частка яе будзе накіраваная «на ўмацаваньне энэргасыстэмы, па якой Расея неаднаразова наносіла ўдары напярэдадні чаканай суровай зімы».

У цэлым, па словах Блінкена, 325 мільёнаў даляраў энэргетычнай падтрымкі пойдуць на наступныя мэты:

  • рамонт і аднаўленьне энэргетычных аб’ектаў Украіны,
  • забясьпячэньне рэзэрвовай падачы электрычнасьці ў надзвычайных сытуацыях,
  • узмацненьне фізычнай бясьпекі энэргетычнай інфраструктуры.

Пры гэтым, па словах Блінкена, «каля 290 мільёнаў даляраў пойдзе на фінансаваньне праграм па забесьпячэньні харчаваньнем, вадой, жыльлём, мэдычным абслугоўваньнем і адукацыяй украінцаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе ў краіне, і ўцекачоў за яе межамі».

Астатняя частка дапамогі, а гэта 102 мільёны даляраў, будзе накіраваная на мерапрыемствы па разьмініраваньні, удакладніў дзяржсакратар ЗША.

Вялікая Брытанія абвясьціла аб выдзяленьні не менш за 242 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (прыблізна 315 мільёнаў даляраў — РС) на падтрымку Ўкраіны, а таксама аб прадастаўленьні гарантыяў для выдзяленьня крэдыту Сусьветнага банку ў памеры 484 мільёнаў даляраў для фінансавай падтрымкі Кіева. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 11 верасьня паведамленьні брытанскага МЗС з нагоды візыту кіраўніка ведамства Дэвіда Лэмі ў Кіеў.

242 мільёны фунтаў стэрлінгаў будуць выдзелены Кіеву ў 2024-2025 гадах на тэрміновыя гуманітарныя, энэргетычныя і стабілізацыйныя патрэбы, а таксама на падтрымку рэформаў, аднаўленьня і рэканструкцыі.

«Паколькі расейскія ракетныя і беспілётныя атакі працягваюць забіваць цывільных жыхароў і разбураць жыцьцёва важную інфраструктуру, гэтае абавязацельства забясьпечыць падтрымку найбольш уразьлівых ва Ўкраіне, а таксама падтрымку ў доўгатэрміновых эканамічных, аднаўленчых і энэргетычных патрэбах», — гаворыцца ў заяве.

«Падтрымка Украіны з боку Вялікабрытаніі непахісная. Наша абавязацельства ў памеры больш за 600 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (каля 780 мільёнаў даляраў — РС) зьяўляецца апошнім крокам у нашай доўгатэрміновай падтрымцы Ўкраіны. Гэта забясьпечыць жыцьцёва важную падтрымку ўкраінцам, якія працягваюць цярпець бесперапынныя расейскія напады», — сказаў Лэмі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG