У Сэйме Польшчы ўхвалілі рэзалюцыю, у якой асудзілі выкраданьне Расеяй і Беларусьсю ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны.
«Сэйм Рэспублікі Польшча адназначна асуджае выкраданьне ўкраінскіх дзяцей з мэтай іх незаконнага ўсынаўленьня і русыфікацыі. Дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь, якая зь ёй супрацоўнічае, зьяўляюцца ганебным замахам на ўкраінскую ідэнтычнасьць, парушаюць Канвэнцыю ААН аб папярэджаньні злачынства генацыду і пакараньні за яго, а таксама Канвэнцыю ААН аб правах дзіцяці, ініцыятарам якой выступіла Польшча», — адзначаецца ў дакумэнце, апублікаваным на афіцыйным сайце польскага парлямэнту.
Дэпутаты Сэйму выступілі катэгарычна супраць парушэньня міжнародных нормаў сыстэмнымі дзеяньнямі расейскіх уладаў, у тым ліку ўказамі Пуціна аб спрашчэньні ўсынаўленьня дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, і наданьні ім расейскага грамадзянства.
Сэйм Польшчы заклікаў міжнародную супольнасьць выканаць рашэньне Міжнароднага крымінальнага суда аб арышце прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай ў правах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай, а таксама пакараць вінаватых у ваенных злачынствах супраць украінскага народу.
«Сэйм Рэспублікі Польшча заклікае як мага хутчэй спыніць практыку незаконнага выкраданьня і забясьпечыць вяртаньне ўкраінскіх дзяцей на радзіму і да іх законных апекуноў», — адзначаецца ў рэзалюцыі польскага парлямэнту.
Як украінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь
- Паводле розных ацэнак, ад пачатку вайны ў Беларусь былі вывезеныя ня менш за 2,5 тысячы дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны.
- Датычнымі да гэтай дзейнасьці называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- Ёсьць сьведчаньні, што ў Беларусі «перавыхоўваюць» прывезеных дзяцей у духу любові да Расеі.
- Шаўцоў, Талай і ягоны фонд былі ўключаныя ў 13-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі, прыняты 23 лютага 2024 году. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны сьпіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Ўкраіне.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- 1 сьнежня 2023 году Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства БЧК, бо арганізацыя ня вызваліла ад пасады генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова, якога абвінавачваюць у дачыненьні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Шаўцоў быў заўважаны на акупаваных тэрыторыях Украіны з праваеннай расейскай сымболікай на адзеньні.
- У рамках 56-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве прадстаўнікі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні ў адрас беларускіх уладаў у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Там заявілі, што Беларусь «робіць усё для ўзьяднаньня сем’яў», а дзяцей, якія прыбываюць у Беларусь, маўляў, не выкрадаюць з тэрыторыі Ўкраіны і не вывозяць пад прымусам, а «прымаюць на аздараўленьне».
Форум