У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што Беларусь сканцэнтравала на паўднёвай частцы сваёй тэрыторыі траціну вайсковых сіл і тэхнікі.
«Беларусь працягвае нагнятаць на кірунку мяжы з нашай краінай, спрабуючы пераканаць, што менавіта Ўкраіна нясее пагрозу для Беларусі. Хоць гэта ня так. Украіна выключна абараняецца, і гэты кірунак для нас будзе заставацца пагражальным да таго часу, пакуль Беларусь будзе заставацца ў сфэры ўплыву краіны-тэрарысткі Расеі», — заявіў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Прадстаўнік памежнага ведамства падкрэсьліў, што ўкраінскія сілы цалкам кантралююць беларускі кірунак, працягваюць узмацняць лініі абароны, а таксама не фіксуюць «нейкіх нестандартных сытуацый непасрэдна на лініі мяжы або правакацый».
«Але паколькі гэты кірунак для нас зьяўляецца важным, мы будзем рэагаваць і дзейнічаць адпаведна таму, наколькі Беларусь будзе далей ажыцьцяўляць нейкія дзеяньні датычна да нашай краіны», — адзначыў Андрэй Дземчанка.
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны дадаў, што ўкраінскі бок разьлічвае, што «Беларусі хопіць здаровага глузду, каб не рабіць неабдуманых крокаў або ўчынкаў пад ціскам Расеі».
Андрэй Дземчанка паведаміў, што на беларускай тэрыторыі, якая непасрэдна мяжуе з украінскай зонай адчужэньня ў Кіеўскай вобласьці, таксама не фіксуюць перамяшчэньня асабовага складу і вайсковай тэхнікі.
«Усё, што Беларусь нагнятае, у тым ліку канцэнтруючы або перамяшчаючы сваю тэхніку, асабовы склад, розныя падразьдзелы — усё гэта адбываецца ў глыбіні тэрыторыі гэтай краіны. За тым, як сытуацыя зьмяняецца, наколькі яна становіцца пагрозьлівай для нашай краіны, вядома, пільна сочаць падразьдзелы і Міністэрства абароны, і Дзяржаўнай памежнай службы, каб далей усе складнікі нашай абароны маглі своечасова адрэагаваць на любыя выклікі», — падкрэсьліў ён.
Андрэй Дземчанка дадаў, што цяпер Беларусь стала больш актыўна перамяшчаць на сваёй тэрыторыі падразьдзелы і тэхніку.
«Да траціны іхнага войска [знаходзяцца] у кірунку нашай мяжы. Цяпер іншыя падразьдзелы яны далучаюць да ўзмацненьня мяжы з нашай краінай. Але яшчэ раз кажу — у непасрэднай блізкасьці перамяшчэньня асабовага складу, тэхнікі [...] або павялічаных памежных нарадаў — гэтага мы не назіраем. І раней, да таго, як цяпер Беларусь зноў пачала нагнятаць, яны таксама неаднаразова адзначалі, што Ўкраіна зьяўляецца для іх пагрозай, таму яны будуць трымаць пэўныя свае сілы ў кірунку мяжы з нашай краінай, і яны трымалі іх, але гэта адбываецца ў глыбіні Беларусі», — падкрэсьліў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
Паводле афіцыйных зьвестак, у беларускім войску налічваецца каля 65 тысяч чалавек, уключна з цывільнымі асобамі, якія займаюцца абслугоўваньнем вайскоўцаў.
Што папярэднічала
11 верасьня ў Берасьцейскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Украінай, пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Беларусі Івана Кубракова адбыліся інструктарска-мэтадычныя заняткі «Столін-2024» для папярэджаньня «дзейнасьці незаконных узброеных фармаваньняў».
Перад іх пачаткам мніністар правёў інструктаж, на якім прысутнічала ўся сілавая вэртыкаль памежных з Украінай раёнаў.
Іван Кубракоў заявіў, што вучэньні «Столін-2024» для падразьдзелаў МУС арганізавалі на выпадак падзей, аналягічных прарыву ўкраінскімі сіламі расейскай мяжы ў Курскай вобласьці.
«У ведамстве прааналізавалі дзеяньні Ўзброеных сіл Украіны ў Курскай вобласьці Расеі. У сувязі з напружанай абстаноўкай на паўднёвых межах Беларусі ў памежжы разьмясьцілі спэцыяльныя падразьдзелы АМАПу і ўнутраных войскаў. Асноўная мэта — не дапусьціць заходу праціўніка ў населеныя пункты, забясьпечыць бясьпеку нашых грамадзян. У сувязі з гэтым арганізавалі апэратыўнае ўзаемадзеяньне з камандзірамі баявых падразьдзелаў, памежных войскаў, старшынямі абласных і раённых выканкамаў», — працытавала Івана Кубракова прэсавая служба МУС Беларусі.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
Улады Беларусі цягам усёй ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны пэрыядычна заяўляюць аб правакацыях, якія нібыта плянуюцца з украінскай, польскай ці літоўскай тэрыторыі.
Форум