У ноч на 12 верасьня расейскае войска ўдарыла дронамі «Шахед» па горадзе Канатоп у Сумскай вобласьці Ўкраіны. Ёсьць параненыя, горад застаўся безь сьвятла, гаворыцца ў паведамленьні абласной адміністрацыі.
Паводле папярэдніх зьвестак, у выніку ўдару параненыя 13 чалавек, двое зь іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Аварыйна-выратавальныя работы працягваюцца.
«Усе хірургі горада знаходзяцца на працы. Звароты ад пацярпелых працягваюць паступаць. На цяперашні момант шпіталізаваныя два мужчыны. Адзін зь іх у вельмі крытычным стане (кома). Дарэчы, той, хто ў коме, ехаў ратаваць людзей», — напісаў мэр горада Арцём Семяніхін.
Паводле яго, моцна пашкоджаная энэргетычная інфраструктура горада.
«Сытуацыя з электрычнасьцю ў Канатопе проста крытычная. Значную шкоду панесла энэргетычная інфраструктура. Энэргетыкі цяпер робяць больш, чым усё магчымае, каб даць сьвятло лякарні і водаканалу. Калі электрычнасьць зьявіцца ў дамах жыхароў мінімум на гадзіну — ніхто ня зможа прадказаць», — напісаў ён.
Мэр удакладніў, што ваду жыхарам горада будуць падаваць паводле графіку, які аб’явяць пазьней.
Акрамя таго, паводле зьвестак Семяніхіна, у горадзе пашкоджана некалькі адукацыйных установаў, мэдыцынскія будынкі, а таксама ўчастак трамвайных рэек у цэнтры горада.
Форум