Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн, Гарыс, Трамп і Вэнс ушанавалі памяць ахвяраў тэракту 11 верасьня 2001 году


Сэнатар ад Нью-Ёрку Чак Шумэр, Камала Гарыс, Джо Байдэн, Майкл Блумбэрг, Дональд Трамп, Джэй Ды Вэнс, Нью-Ёрк, 11 верасьня 2024
Сэнатар ад Нью-Ёрку Чак Шумэр, Камала Гарыс, Джо Байдэн, Майкл Блумбэрг, Дональд Трамп, Джэй Ды Вэнс, Нью-Ёрк, 11 верасьня 2024

У Нью-Ёрку, Пэнтагоне і Пэнсыльваніі праходзяць мэмарыяльныя цырымоніі ў сувязі з гадавінай тэрактаў, у выніку якіх загінулі амаль 3000 чалавек

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс і былы прэзыдэнт Дональд Трамп у сераду ўшанавалі памяць ахвяраў тэрактаў 11 верасьня 2001 года, у выніку якіх загінулі амаль 3000 чалавек.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Гарыс, кандыдатка ў прэзыдэнты ад дэмакратаў, і Трамп, яе супернік-рэспубліканец на прэзыдэнцкіх выбарах 5 лістапада, паціснулі адно аднаму рукі і абмяняліся некалькімі словамі. На цырымоніі ў Нью-Ёрку прысутнічалі кандыдат у віцэ-прэзыдэнты ад рэспубліканцаў сэнатар Джэй Ды Вэнс, а таксама былы мэр Нью-Ёрку Майкл Блумбэрг.

Замест афіцыйных прамоваў на цырымоніі жонкі, мужы, сёстры, браты і ўнукі ахвяраў трагедыі зачытвалі імёны тых, хто загінуў 23 гады таму на месцы, дзе самалёты, якія пілятавалі баевікі-сьмяротнікі «Аль-Кайды», урэзаліся ў вежы-блізьняты Сусьветнага гандлёвага цэнтру.

Гэтая штогадовая цырымонія праходзіць на Мангэтане ў Нью-Ёрку, у Пэнтагоне і на полі ў Пэнсыльваніі, дзе разьбіўся самалёт, у якім пасажыры аказалі супраціў тэрарыстам.

Пазьней Байдэн і Гарыс адправіліся ў Шэнксвіл, штат Пэнсыльванія, дзе разьбіўся лайнэр United 93. Затым прэзыдэнт і віцэ-прэзыдэнтка вернуцца ў Вашынгтон, каб наведаць мэмарыял у Пэнтагоне.

«У гэты дзень 23 гады таму тэрарысты лічылі, што змогуць зламаць нашую волю і паставіць нас на калені. Яны памыліліся. Яны заўжды будуць памыляцца. У самы цёмны час мы ішлі да сьвятла. І перад тварам страху мы аб’ядналіся — каб абараніць нашую краіну і дапамагчы адзін аднаму», — сказаў Байдэн на ранішняй цырымоніі.

Трамп, які таксама плянуе наведаць мэмарыял у Пэнсыльваніі, сказаў у сераду ў інтэрвію тэлеканалу Fox News: «Гэта быў вельмі, вельмі сумны, жудасны дзень. Нічога падобнага не было ніколі».

Раней Байдэн апублікаваў праклямацыю, у якой ушанаваў памяць загінулых у выніку тэрактаў і аддаў даніну павагі і ўдзячнасьці сотням тысяч амэрыканцаў, якія добраахвотна адправіліся на вайсковую службу ў Афганістан, Ірак і іншыя зоны ваенных дзеяньняў.

У аўторак лідэры Кангрэсу пасьмяротна ўзнагародзілі Залатым мэдалём 13 вайскоўцаў, якія загінулі 26 жніўня 2021 году ў выніку выбуху сьмяротніка ў аэрапорце Кабулу падчас вываду амэрыканскіх войскаў з Афганістану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG