Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паставіць сабе надмагільле». Што гісторыкі і экспэрты кажуць пра пляны Лукашэнкі пабудаваць новы гістарычны музэй


Планіровачнае рашэньне будынка Нацыянальнага гістарычнага музэя, выява БЕЛТА
Планіровачнае рашэньне будынка Нацыянальнага гістарычнага музэя, выява БЕЛТА

6 верасьня Лукашэнка расказаў пра новы гістарычны музэй, які мусіць зьявіцца ў Менску. Якім стане гэты музэй і навошта гэты праект уладам? Распыталі гісторыкаў і спэцыялістаў у гістарычнай спадчыне.

Будынак новага гістарычнага музэю, на задумку ўладаў, разьмесьціцца ў Цэнтральным раёне Менску, паміж праспэктам Пераможцаў, вуліцай Арлоўскай і ракой Сьвіслач. Раней на гэтым месцы быў сталічны парк «Дрымлэнд». Новаму комплексу зьбіраюцца даць назву «Парк народнага адзінства».

«Ніякай палітызацыі. Ніякага „ўра“ ў дачыненьні да там Лукашэнкі, пятровых, сідаравых, якія нібыта вяршылі гісторыю, а народу пры гэтым не відаць. Усё павінна быць абсалютна аб’ектыўна і заслужана», — сказаў Лукашэнка пра будучы музэй.

І загадаў, каб з канцэпцыяй гісторыі ў гэтым музэі «маглі пагадзіцца не толькі беларусы, але і іншыя народы».

Нарада, прысьвечаная новаму гістарычнаму музэю, фота БЕЛТА
Нарада, прысьвечаная новаму гістарычнаму музэю, фота БЕЛТА

«Ня ўпэўнены, што ён наагул зьявіцца»

Раман Крыцук адпрацаваў у Нацыянальным гістарычным музэі з 2014-га па 2021 год. Цяпер працуе ў Нацыянальным музэі ў Варшаве. Раман успамінае, што гістарычны музэй у Менску як мінімум двойчы думалі пераносіць. Сьпярша ў будынак на вуліцы Фрунзэ, які ў выніку забраў сабе Сьледчы камітэт. Пасьля новы будынак музэю хацелі пабудаваць на праспэкце Пераможцаў, насупраць музэю вайны.

«Новы будынак музэю неабходны, будынак на Маркса маленькі і ня вельмі зручны, ён патрабуе рамонту. Канцэпцыі новага будынку прапаноўваліся як мінімум двойчы. Я б пачакаў некалькі гадоў і паглядзеў, ці пабудуюць яго сапраўды. Пра кожны такі праект казалі, што ён будзе вось-вось. Што там будзе і як, можна будзе разважаць тады, калі зьявіцца хаця б падмурак. Пакуль я гляджу на гэты праект скептычна», — гаворыць спэцыяліст.

Яшчэ адна праблема, на якую зьвяртае ўвагу спэцыяліст, — адсутнасьць у прадстаўленым праекце фондасховішчаў.

«Там няма фондасховішчаў па гэтым праекце, гэта проста выставачная заля. А ёсьць каля 100 тысяч экспанатаў, якія трэба недзе захоўваць. Калі фондасховішча няма, то экспанаты трэба прывозіць аднекуль увесь час», — адзначае Крыцук.

Калі ж ужо ствараць музэй па-сапраўднаму, то, на думку Рамана Крыцука, сьпярша варта перапрацаваць фонды, зразумець, што ў іх ёсьць.

«Я б пачаў зь перапрацоўваньня фондаў, якія ёсьць у музэі. Каб ведаць, што там знаходзіцца. Тады будзе створана матэрыяльная база, а паралельна калектыў гісторыкаў і музэйнікаў напісаў бы канцэпцыю музэю. Тады пад канцэпцыю музэю падбіраліся бы рэчы з экспанатаў. Можна пагуляцца з дызайнам, з паказам, з найноўшымі тэхналёгіямі. Ня трэба сьпяшацца, музэй лепей рабіць павольней, але каб і праз 30 гадоў экспазыцыя добра глядзелася», — раіць спэцыяліст.

Што да жаданьня «дагадзіць іншым народам» у канцэпцыі гістарычнага музэю, то экспэрт лічыць, што гісторыя там мусіць падавацца з пункту гледжаньня нацыянальнага падыходу.

«Гісторыю трэба паказваць з нацыянальнацэнтрычнай парадыгмы. Такія парадыгмы звычайна не падабаюцца найбліжэйшым суседзям. Кожны паказвае гісторыю з нацыянальнага погляду, і суседзям гэта можа не падабацца», — дадае Раман Крыцук.

Меркаваны плян разьмяшчэньня новага музэю, фота БЕЛТА
Меркаваны плян разьмяшчэньня новага музэю, фота БЕЛТА

«Нагадвае падрыхтоўку да пахавальнай працэсіі»

Спэцыяліст у захаваньні гістарычнай спадчыны на ўмовах ананімнасьці ў размове са Свабодай выказаў думку, што ў новым музэі пацярпяць пэрыяды, ня выгадныя для ідэалягічнай канцэпцыі.

«Беларусь мае славутыя старонкі гісторыі, але для многіх выдатных момантаў ня знойдзецца месца ў новай экспазыцыі. Лукашэнка ж сказаў, што экспазыцыя ня мусіць крыўдзіць суседнія народы. Мяркую, ён меў на ўвазе адзін народ — расейскі. Каб не было паказана канфліктаў з усходнімі суседзямі: ад Полацкага княства да Рэчы Паспалітай і БНР. Не пакрыўдзіўшы расейцаў, мы мусім закрыць вочы на шлях станаўленьня нашай незалежнасьці і дзяржаўнасьці, калі беларускі народ адбіваўся ад расейскіх захопнікаў», — мяркуе спэцыяліст.

Суразмоўца зазначае, што будаўніцтва новага музэю — гэта адна з фазаў разьвіцьця сыстэмы ўлады ў Беларусі. І яна фінальная.

«Гэта мне нагадвае падрыхтоўку да пахавальнай працэсіі. Палітычная сыстэма, якая прайшла ўсе фазы эвалюцыі, пераходзіць у фінальную фазу. Ім трэба мэмарыялізаваць усе „дасягненьні“, зафіксаваць традыцыі 30-гадовага лукашызму. Гэта згасаньне сыстэмы. Жаданьне супакоіцца ў мэмарыяльнай фазе і „паставіць сабе надмагільле“», — кажа спэцыяліст.ю

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG