З 6-й раніцы 9 верасьня да 6:00 10 верасьня работнікі МНС Беларусі патушылі 95 пажараў у прыроднай экасыстэме, вынікае з апэратыўнай зводкі ведамства.
Агулам ратавальнікі зьліквідавалі 13 лясных пажараў агульнай плошчай 6,304 гектара, 5 тарфяных пажараў агульнай плошчай 0,975 га і 77 пажараў травы і кустоў на агульнай плошчы 17,548 га.
Для ліквідацыі лясных пажараў прыцягвалі 67 адзінак тэхнікі і 208 чалавек.
Для ліквідацыі пажару на Альманскіх балотах агульнай плошчай звыш 50 га (у балоцістай мясцовасьці каля вёскі Старына Столінскага раёну), які пачаўся ўдзень 9 верасьня, задзейнічалі 29 адзінак тэхнікі і 125 чалавек, а таксама два верталёты Мі-8 і Мі-17, адзначаюць у МНС.
Працягваецца тушэньне тарфяных пажараў каля вёскі Новы Макрэц (Брагінскі раён Гомельскай вобласьці) і вёскі Стары Мазалаў (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласьці). Абодва пажары лякалізавалі. Паводле зьвестак МНС на 6-ю гадзіну раніцы, гарэлі асобныя ачагі на агульнай плошчы па 0,5 га.
10 верасьня таксама стала вядома, што ў Беларусі загарэлася і самае вялікае балота краіны, — Ельня.
«На Ельні зноў пажар!!! Сёньня з розных крыніц прыйшла інфармацыя, што паміж возерам Валожая і Яжгіня заўважылі клубы дыму. Адразу паведамілі лясьніцтву, але яны былі ўжо ў курсе! Зараз на месцы працуе лясніцтва, усіх папрасілі сысьці з балота!», — паведаміла ў Фэйсбуку турагенцтва YelnyaTrip.
Балоту Ельня каля 13 тысяч гадоў, яно самае вялікае ў Беларусі, гэта ўнікальная экасыстэма, у якой жыве больш за сотню відаў птушак.
- За 9 верасьня супрацоўнікі МНС ліквідавалі 94 пажары ў прыродных экасыстэмах (16 лясных, 5 тарфяных, 73 пажары травы і кустоўя).
- За 8 верасьня ў беларускіх лясах зьліквідавалі 16 лясных пажараў, а таксама 5 пажараў тарфянікаў і 73 пажары травы і кустоў.
- За мінулы тыдзень дзяржаўная лясная сахова зьліквідавала 55 лясных пажараў — гэта антырэкорд пажаранебясьпечнага сэзону.
- Агулам з пачатку 2024 году на тэрыторыі Беларусі адбылося 4 314 пажараў (за аналягічны леташні пэрыяд — 4 056; рост на 6,4%), на якіх загінулі 346 чалавек (311; рост у 11,3%).
- На большай частцы тэрыторыі Гомельскай і Магілёўскай абласьцей захоўваецца надзвычайная пажарная небясьпека.10 верасьня чырвоны ўзровень пажарнай небясьпекі працягнулі да 12 верасьня і распаўсюдзілі таксама на Берасьцейскую вобласьць.
Форум