Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне чацьвёрты дзень замагаюцца з пажарамі ў Ровенскай вобласьці паблізу Беларусі


Тушэньне пажараў у Сарненскім раёне Ровенскай вобласці Ўкраіны, 9 верасьня 2024
Тушэньне пажараў у Сарненскім раёне Ровенскай вобласці Ўкраіны, 9 верасьня 2024

Працягваюцца пажары і ў чарнобыльскай вобласьці Ўкраіны.

У Ровенскай вобласьці да тушэньня пажару ў Старасельскай грамадзе залучылі добраахвотніцкія сілы, агонь распаўсюджваецца моцным ветрам.

«Увогуле сытуацыя кантраляваная, людзі не пацярпелі, пагрозы населеным пунктам няма. Тушэньню пажару перашкаджае моцны вецер», — сказаў кіраўнік Ровенскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксандар Коваль.

Паводле яго, найбольшыя пажары — недалёка ад Старога Сяла, там гараць хмызьнякі і сухая трава.

У памежных зь Беларусьсю раёнах Ровенскай вобласьці Ўкраіны шчыльная задымленасьць.

«На месцы працуюць 18 адзінак тэхнікі — аўтацыстэрны, бульдозэры, трактары, экскаватары і 93 выратавальнікі, памежнікі і мясцовае насельніцтва», — паведаміла Дар’я Мілюціна, сьпікерка Ровенскага абласнога ўпраўленьня Дзяржаўнай службы Украіны ў надзвычайных сытуацыях.

Старасельская грамада Ровенскай вобласьці мяжуе з Столінскім раёнам Беларусі ў кірунку Альманскіх балотаў.

На ўкраінскім баку плошча пажару дасягнула 35 гектараў.


Раніцай 10 верасьня ў Міністэрстве лясной гаспадаркі Беларусі паведамілі аб пажары ў Палескім лясгасе на Альманскіх балотах. На вечар 9 верасьня плошча пажару складала каля 50 гектараў.

На ліквідацыі буйнога пажару задзейнічалі 110 чалавек і 26 адзінак тэхнікі: 5 трактароў з плугамі, 9 усюдыходаў, 4 пажарныя аўтамабілі, 8 адзінак іншай тэхнікі.

Альманскія балоты — найбуйнейшы ў Эўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, якія захаваліся да нашых дзён у натуральным стане (не пацярпелі ад мэліярацыі). Яны займаюць 94 тысячы гектараў.

Альманскія балоты маюць статус водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднага значэньня з 2001 году і ахоўваюцца Рамсарскай канвэнцыяй. У межах комплексу дзейнічае ляндшафтны заказьнік рэспубліканскага значэньня «Альманскія балоты», на тэрыторыі якога жывуць некалькі дзясяткаў відаў зьвяроў і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG