Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат ад апазыцыі на нядаўніх прэзыдэнцкіх выбарах у Вэнэсуэле прыляцеў у Гішпанію пасьля ўцёкаў з радзімы


Эдмунда Гансалес. Архіўнае фота.
Эдмунда Гансалес. Архіўнае фота.

Самалёт Ваенна-паветраных сілаў Гішпаніі з Эдмунда Гансалесам прызямліўся на авіябазе Тарэхон у Мадрыдзе, дзе яму будзе прадастаўлены палітычны прытулак, паведамляе ВВС.

Адзін з галоўных апазыцыйных палітыкаў Вэнэсуэлы, экс-кандыдат у прэзыдэнты Эдмунда Гансалес пакінуў краіну. Раней улады Вэнэсуэлы выдалі ордэр на яго арышт.

Гансалес на працягу некалькіх дзён знаходзіўся ў гішпанскай амбасадзе ў Каракасе. Па словах віцэ-прэзыдэнта Вэнэсуэлы Дэльсі Радрыгес, палітык запытаў у Гішпаніі палітычны прытулак. Радрыгес дадала, што ўрад дазволіў Гансалесу пакінуць краіну дзеля аднаўленьня «палітычнага міру і спакою».

3 верасьня суд у Вэнэсуэле на запыт пракуратуры выдаў ордэр на арышт Эдмунда Гансалеса. Яго падазраюць у шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў падбухторваньні да непадпарадкаваньня законам, падробцы дакумэнтаў, дывэрсіі ў інфармацыйных сыстэмах і ўдзеле ў злачыннай групоўцы.

Выбары ў Вэнэсуэле прайшлі 28 ліпеня. Гансалес, а таксама лідэрка апазыцыі Марыя Карына Мачада, якую не дапусьцілі да выбараў, заявілі, што ім удалося атрымаць пратаколы з 73 працэнтаў участкаў. Яны паказваюць на тое, што Гансалес апярэдзіў Нікаласа Мадура, які перамог на выбарах, больш чым з двухразовым адрывам.

Па дадзеных падкантрольнай Мадура Нацыянальнай выбарчай рады Вэнэсуэлы, дзейны прэзыдэнт набраў 51,2 адсотка галасоў, а Эдмунда Гансалес — 44,2 адсотка.

У гарадах Вэнэсуэлы ўспыхнулі масавыя пратэсты. Тысячы супернікаў Мадура 29 ліпеня выйшлі на вуліцы Каракаса і да офісаў Нацыянальных выбарчых органаў па ўсёй краіне. Пачаліся сутыкненьні з паліцыяй і вайскоўцамі.

Дзярждэпартамэнт ЗША прызнаў Эдмунда Гансалеса пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў у Вэнэсуэле. ЗША лічаць, што галасаваньне прайшло «з сур’ёзнымі парушэньнямі, у выніку чаго былі аб’яўлены вынікі, якія не адлюстроўваюць волю вэнэсуэльскага народа».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG