Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША прапануюць Мадуру аддаць уладу ў абмен на памілаваньне


Нікаляс Мадура
Нікаляс Мадура

ЗША прапануюць Нікалясу Мадуру, які нядаўна быў абвешчаны прэзыдэнтам Вэнэсуэлы трэці раз, сысьці з пасады ў абмен на памілаваньне ў справе аб кантрабандзе наркотыкаў. Пра гэта піша Wall Street Journal (WSJ) са спасылкай на тры крыніцы, знаёмыя з хадой перамоваў.

Чарговая інаўгурацыя Мадуры павінна адбыцца ў студзені 2025 году. ЗША «выклалі ўсё», каб пераканаць Мадуру пакінуць пасаду прэзыдэнта да гэтага моманту, кажа суразмоўца WSJ.

Амэрыканскія ўлады гатовыя даць гарантыі, што ня будуць перасьледаваць Мадуру і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў Вэнэсуэлы з мэтай экстрадыцыі. У 2020 годзе ЗША абвінавацілі Мадуру ў імкненьні «запоўніць ЗША какаінам» і прызначылі ўзнагароду ў 15 мільёнаў даляраў за сьведчаньні гэтага.

Па выніках прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў ліпені ў Вэнэсуэле, ЗША прызналі іх пераможцам прадстаўніка апазыцыі Эдмунда Гансалеса. Раней апазыцыя — у асобе Гансалеса і лідэркі дэмакратычных сілаў Марыі Карыны Мачада, якую да выбараў не дапусьцілі, — апублікавала пратаколы больш як з 80% участкаў. Зь іх вынікае, што Гансалес перамог на выбарах са значным адрывам. Нацыянальная выбарчая рада, якая абвясьціла Мадуру пераможцам, пратаколы так і не апублікавала.

У адказ на абвешчаныя вынікі ў Вэнэсуэле ўспыхнулі пратэсты, падчас якіх арыштавалі каля 2400 чалавек, больш за дваццаць загінулі. Мадура паабяцаў пабудаваць для ўдзельнікаў пратэстаў дзьве турмы, а многіх — адправіць на катаржныя працы.

Аднак, паводле інфармацыі WSJ, сакрэтныя перамовы ЗША з Мадурам адбыліся яшчэ да выбараў. Адзначаецца, што вэнэсуэльская апазыцыя была ўпэўненая, што вынікі галасаваньня сфальсыфікуюць. Тады Мадура адмовіўся абмяркоўваць умовы, пры якіх яму б давялося сысьці з пасады прэзыдэнта — і цяпер ягоная пазыцыя не зьмянілася, кажа суразмоўца WSJ з атачэньня Мадуры.

Газэта зазначае, што на заключэньне пагадненьня засталося ня так шмат часу. У выпадку, калі на выбарах прэзыдэнта ЗША ў лістападзе пераможа Дональд Трамп, перамовы могуць быць спыненыя. Трамп займае нашмат больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Мадуры, чым цяперашні прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG