Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасьць на нашым баку», — Ціханоўская да Дня вайсковай славы


Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйнае, архіўнае фота.
Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйнае, архіўнае фота.

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская павіншавала беларусаў зь Днём вайсковай славы.

«Сёньня мы адзначаем Дзень беларускай вайсковай славы — дзень, калі наш народ здабыў адну з найслаўнейшых перамогаў у сваёй гісторыі. У 1514 годзе ў Аршанскай бітве нашыя продкі здолелі на доўгі час спыніць тыя ж самыя захопніцкія амбіцыі Расейскай дзяржавы, зь якімі сучасны свет змагаецца сёньня», гаворыцца ў звароце Ціханоўскай.

Яна адзначае, што «менавіта Аршанская бітва дапамагае памятаць істотную рэч: нават калі сілы няроўныя, дух і праўда на баку тых, хто змагаецца за справядлівасьць. Сёньня, як і тады, Беларусь сутыкаецца з пагрозай страціць незалежнасьць. Але дастаткова пагартаць падручнікі нашай гісторыі, каб упэўніцца: народ заўсёды зможа даць адпор агрэсару, бо цэніць свабоду і ведае, якой цаной яна нам дасталася».

Паводле Ціханоўскай, «памятаць гісторыю неабходна, але ў нас ёсьць і сучасныя героі: сьмелыя мужчыны і жанчыны, якія ваююць на франтах Украіны за свабоду ня толькі гэтай краіны, але і за незалежнасьць нашай Беларусі. Яны працягваюць справу тых, хто адстойваў нашую зямлю пяць стагоддзяў таму — змагаюцца з тым жа агрэсарам, што і нашыя продкі. Мэты ў гэтага агрэсара не зьмяніліся: захапіць нашую зямлю, зьнішчыць нашую мову, культуру і права жыць так, як мы самі хочам. Ён, як і 500 гадоў таму, забівае безабаронных, выпальвае ўсё да асновы... Памятайце: як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку».

  • 8 верасьня 1514 году пад Воршай, на рацэ Крапіўне, адбылася найбуйнейшая бітва вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1512–1522 гадоў, у якой войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Канстанціна Астроскага разьбіла войска Масковіі. Аршанская бітва — адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Эўропы ў пачатку XVI ст. Перамога ў ёй дала ВКЛ магчымасьць вярнуць захопленыя праціўнікам Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў.
  • У Беларусі нацыянальна арыентаваная частка грамадзтва цяпер адзначае гэтую дату як Дзень беларускай вайсковай славы.
  • Першае сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы 8 верасьня 1992 году ў Менску зладзіла грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне» пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Сьвята таксама адзначылі ў Берасьці, Горадні і іншых гарадах. З таго часу неафіцыйна гэты дзень сьвяткавалі даволі шырока, але дзяржаўнага статусу сьвята так і не набыло.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG