Беларусь на загад Лукашэнкі павялічвае кантынгент сваёй арміі на мяжы з Украінай. Дасьледчы праект «Беларускі Гаюн» піша, што ў Століне адзначаецца канцэнтрацыя вайсковай тэхнікі Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у горадзе былі заўважаныя вайскоўцы Сіл спэцыяльных апэрацый. Адлегласьць ад горада да мяжы з Украінай складае каля 12 кілямэтраў.
«Беларусь адстае ад краін, якія яе атачаюць»
Былы супрацоўнік Службы бяспекі Ўкраіны, вайсковы экспэрт Іван Ступак згадаў у камэнтары «Голасу Амэрыкі», што, паводле афіцыйных зьвестак, у войску Беларусі лічацца каля 65 тысяч чалавек, у тым ліку цывільныя асобы, якія займаюцца абслугоўваннем вайскоўцаў.
«Застаецца максімум 45 тысяч чалавек, у той час як расейскае войска для наступу на Кіеў (перад пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня) сабрала 40 тысяч вайскоўцаў. І калі ўсё беларускае войска павінна будзе наступаць на адну толькі вобласьць Украіны, давайце ўспомнім, чым скончыла такі наступ войска Расеі! Яно пратрымалася адзін месяц і вымушана былі сысьці». Акрамя таго, на думку ўкраінскага вайсковага экспэрта, сучасная беларуская армія зьяўляецца «стэрыльнай», бо ў яе няма баявога досьведу.
«Лукашэнка вельмі моцна камплексуе з гэтай нагоды, бо з аднаго боку ёсць Польшча, якая ўкладвае ў „абаронку“ больш за 4% ВУП, прычым мае сучаснае ўзбраеньне. Літва, Латвія і Эстонія таксама ўкладаюць грошы ў абаронную галіну, як, дарэчы, і Ўкраіна. Ды і Расея, як ні круці, таксама мае вялікі досвед у гэтай галіне, і толькі адна Беларусь адстае ад краін, якія яе атачаюць», — ацэньвае сытуацыю Іван Ступак.
І працягвае, што ў дачыненні да сродкаў СПА беларускае войска таксама значна адстае ад украінскага.
«Таму я больш чым упэўнены, што Лукашэнка ў гэтую авантуру залазіць ня будзе. Натуральна, пры ўмове, што яго не даціснуць, не адхіляць ад пасады сілавым чынам і гэтак далей. Я лічу, што ён заклапочаны тым, каб перадаць сваю ўладу камусьці са сваіх пасьлядоўнікаў. Акрамя таго, у яго і стан здароўя цяжкі, што таксама нявесела», — падкрэсьліў суразмоўца «Голасу Амэрыкі».
Што тычыцца рэгулярных паведамленьняў аб нагнятаньні абстаноўкі на беларуска-ўкраінскай мяжы, то, на думку экспэрта, гэта зьяўляецца часткай «гібрыднай вайны», удзельнікам якой Лукашэнка стаў шмат у чым па волі Крамля.
«На працягу двух гадоў украінская армія вымушана трымаць на мяжы даўжынёй больш за тысячу кіламетраў (1084,2 км) значную частку людзей і тэхнікі. І Лукашэнка двойчы сказаў, што „з таго боку“, гэта значыць з боку Украіны, стаіць 120 тысяч асабовага складу. Хаця мы ведаем, што Лукашэнку любіць трошкі схлусіць, так што гэтую лічбу можна падзяліць на два. Але 60 тысяч вайскоўцаў — таксама сур’ёзныя дадзеныя», — працягвае Іван Ступак.
Ён мяркуе, што на Лукашэнку ціснуць такія прыхільнікі «русского мира», як начальнік Генэральнага штабу беларускай арміі Павал Муравейка і сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч.
«І я лічу, што расейцы празь іх максымальна палохаюць Лукашэнку антыўкраінскім парадкам дня. Маўляў, трэба збіраць на мяжы з Украінай максымальную колькасць войскаў, каб Зяленскі і Сырскі запанікавалі і пачалі забіраць з Курскай вобласьці максымальную колькасьць нашых вайскоўцаў», — падсумоўвае Іван Ступак.
Што кажуць улады Ўкраіны
У Кіеве 3 жніўня заявілі, што «правакацыйных дзеяньняў або нестандартных сытуацый», а таксама «значных перамяшчэньняў тэхнікі або вайскоўцаў» паблізу мяжы з боку Беларусі не назіраецца.
Пра гэта паведаміў на брыфінгу 3 верасьня сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Паводле яго слоў, якія прыводзіць UNN.ua, украінскія сілы абароны «цалкам кантралююць дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю».
Дземчанка прызнаў, што «нейкае перамяшчэньне тэхнікі і асабовага складу беларусамі глыбока ў сваёй краіне ёсьць», але «яно нязначнае».
«Беларусь і да гэтага ўвесь час трымала свае падразьдзяленьні па кірунку мяжы з Украінай, але блізка да нашай мяжы яны не перамяшчаліся», — падкрэсьліў ён.
Што папярэднічала
- У канцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Ўкраіну ў актывізацыі выведвальнай дзейнасьці, перамяшчэньні да мяжы баявых падразьдзяленьняў. Улады Беларусі дэманстратыўна ўзмацнілі ахову мяжы, выступілі з пагрозамі ў адрас Кіева.
- У сярэдзіне ліпеня Аляксандр Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслякацыі.
- Расейская прапаганда заявіла аб здрадзе з боку Лукашэнкі, паколькі, як сьцьвярджалася, украінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай апэрацыі ў Курскай вобласьці Расеі.
- 10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэньні беларускай паветранай прасторы бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.
- Міністэрства абароны Беларусі 11 жніўня заявіла, што нібыта «накіроўвае дадатковую вайсковую тэхніку ў прымежныя з Украінай рэгіёны».
- Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка назваў заяву Мінабароны Беларусі аб «умацаваньні» мяжы з Украінай «нагнятаньнем, каб працягваць падыгрываць Расеі».
- 25 жніўня МЗС Украіны выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады Беларусі адвесьці войскі ад мяжы «на адлегласьць, якая перавышае далёкасьць паражэньня наяўных у Беларусі сыстэм агню». На наступны дзень беларускае зьнешнепалітычнае ведамства абвінаваціла Кіеў у «хітрай гульні» і заявіла, што не атрымлівала афіцыйнага звароту ад украінскага боку.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў.
- Афіцыйна беларускае войска ня ўдзельнічае ў поўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны, аднак Аляксандар Лукашэнка дазволіў скарыстаць тэрыторыю Беларусі для праезду і часовай дысьлякацыі расейскіх войскаў, а з тэрыторыі Беларусі наносілі ракетныя ўдары па Ўкраіне.
- Акрамя таго, у Беларусь нібыта для аздараўленьня вывозяць дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Эўрапарлямэнт у верасьні асудзіў удзел Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны і вывазе дзяцей, заклікаўшы Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на яго арышт.
Форум