Пра гэта паведаміў на брыфінгу 3 верасьня сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Паводле яго слоў, якія прыводзіць UNN.ua, украінскія сілы абароны «цалкам кантралююць дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю».
«За тым, што адбываецца далей на тэрыторыі Беларусі, актыўна сочыць наша выведка, для таго, каб разумець, наколькі пагражальнай зьяўляецца сытуацыя і як яна мяняецца, для хуткага рэагаваньня ў выпадку зьмяненьняў», — сказаў прадстаўнік памежнай службы Ўкраіны.
Дземчанка прызнаў, што «нейкае перамяшчэньне тэхнікі і асабовага складу беларусамі глыбока ў сваёй краіне ёсьць», але «яно нязначнае».
«Беларусь і да гэтага ўвесь час трымала свае падразьдзяленьні па кірунку мяжы з Украінай, але блізка да нашай мяжы яны не перамяшчаліся», — падкрэсьліў ён.
Што папярэднічала
- У канцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Ўкраіну ў актывізацыі выведвальнай дзейнасьці, перамяшчэньні да мяжы баявых падразьдзяленьняў. Улады Беларусі дэманстратыўна ўзмацнілі ахову мяжы, выступілі з пагрозамі ў адрас Кіева.
- У сярэдзіне ліпеня Аляксандр Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслякацыі.
- Расейская прапаганда заявіла аб здрадзе з боку Лукашэнкі, паколькі, як сьцьвярджалася, украінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай апэрацыі ў Курскай вобласьці Расеі.
- 10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэньні беларускай паветранай прасторы бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.
- Міністэрства абароны Беларусі 11 жніўня заявіла, што нібыта «накіроўвае дадатковую вайсковую тэхніку ў прымежныя з Украінай рэгіёны».
- Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка назваў заяву Мінабароны Беларусі аб «умацаваньні» мяжы з Украінай «нагнятаньнем, каб працягваць падыгрываць Расеі».
- 25 жніўня МЗС Украіны выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады Беларусі адвесьці войскі ад мяжы «на адлегласьць, якая перавышае далёкасьць паражэньня наяўных у Беларусі сыстэм агню». На наступны дзень беларускае зьнешнепалітычнае ведамства абвінаваціла Кіеў у «хітрай гульні» і заявіла, што не атрымлівала афіцыйнага звароту ад украінскага боку.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў.
Форум