Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі аб імавернасьці інфармацыйнай атакі пра адкрыцьцё «другога фронту» з тэрыторыі Беларусі


Перамяшчэньне войскаў у Беларусі ў траўні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Перамяшчэньне войскаў у Беларусі ў траўні 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Асноўная мэта гэтай апэрацыі — стварыць масавую паніку ва ўкраінскім грамадзтве і адцягнуць войскі на поўнач краіны.

У Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны папярэдзілі аб новай інфармацыйна-прапагандысцкай апэрацыі з мэтай выклікаць паніку ва ўкраінцаў і адцягнуць войскі на поўнач краіны.

«Прагназуецца, што варожая прапаганда актывізуе інфармацыйна-прапагандысцкую апэрацыю аб адкрыцьці „другога фронту“ з боку Беларусі. Чакаем неўзабаве шэраг правакацыйных заяў найвышэйшага кіраўніцтва Расеі і Беларусі з пагрозамі ў адрас Украіны», — паведаміў кіраўнік дэпартамэнту мэдыяасьветы Цэнтру супрацьдзеяньня дэзынфармацыі Іван Слычко.

Паводле яго, асноўная мэта гэтай апэрацыі — стварыць масавую паніку ва ўкраінскім грамадзтве.

У сваю чаргу кіраўнік цэнтру Андрэй Каваленка падкрэсьліў, што на тэрыторыі Беларус пакуль няма неабходных сіл і сродкаў для наступу на Ўкраіну.

«Мэта ворага — расьцягнуць нашы сілы і рэзэрвы, паўплываць на нашу лягістыку. Для гэтага яны будуць нагнятаць інфармацыйна, каб наша камандаваньне больш увагі зьвяртала на гэты кірунак. У той жа час Беларусь — пад сталым наглядам», — дадаў ён.

27 траўня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб правядзеньні 27–31 траўня ў межах удасканаленьня адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА Беларусі і Расеі супольныя лётна-тактычныя вучэньні з удзелам сілаў і сродкаў адпаведных войскаў Беларусі і Расеі. Рыхтуючыся да вучэньняў, Расея перакінула ў Беларусь частку сваёй авіяцыі.

Перад гэтым 23–24 траўня ў Менску зь візытам знаходзіўся прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. На супольнай прэсавай канфэрэнцыі Пуцін і Лукашэнка зрабілі заявы пра ядзерныя вучэньні і нелегітымнасьць прэзыдэнта Ўкраіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG