Мішэль Барнье стаў найстарэйшым кіраўніком францускага кабінэту міністраў у сучаснай гісторыі, зьмяніўшы самага маладога — 35-гадовага Габрыеля Аталя. Кандыдатуру выбралі, каб пазьбегнуць вотуму недаверу ад апазыцыйных дэпутатаў, піша Le Figaro.
Барнье — былы міністар замежных спраў Францыі пры прэзыдэнту Жаку Шыраку. Ён быў міністрам аховы навакольнага асяродзьдзя ў пачатку – сярэдзіне 90-х, сакратаром у эўрапейскіх справах і міністрам сельскай гаспадаркі. Ён займаў высокія пасады ў Эўразьвязе, у тым ліку быў галоўным перамоўнікам з боку ЭЗ пра ўмовы выхаду Вялікай Брытаніі са Зьвязу.
Барнье павінен сфармаваць новы ўрад.
Францыя 51 дзень жыве з часовым кабінэтам міністраў, які застаўся выконваць абавязкі пасьля яго роспуску, адзначае Radio France Internationale. Кіроўная кааліцыя заняла толькі трэцяе месца на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў чэрвені.
Прызначэньне прэм’ер-міністра ў Францыі — прэрагатыва прэзыдэнта. Эманюэль Макрон адмовіўся даручыць фармаваньне ўраду левай кааліцыі «Новы народны фронт», якая лідзіруе па выніках выбараў, заявіўшы, што гэта пагражае стабільнасьці нацыянальных інстытутаў.
На працягу апошніх тыдняў Макрон праводзіў кансультацыі з прадстаўнікамі парлямэнцкіх партый, кандыдатамі на пасаду прэм’ера, былымі прэзыдэнтамі ў пошуках кандыдатуры, якой дэпутаты не абвясьцілі б адразу імпічмэнт, пісала француская прэса. Сустракаўся ён і зь лідэркаю крайніх правых дэпутатаў Марын Лё Пэн. Ультралевыя з партыі «Непакорлівая Францыя» размаўляць з прэзыдэнтам адмовіліся.
Як піша Le Figaro, першым заданьнем новага прэм’ера будзе перажыць магчымае галасаваньне аб яго адстаўцы, другой — прыняць дзяржаўны бюджэт да канца году.
Форум