Журналістка, паводле эстонскага ведамства, некалькі гадоў супрацоўнічала з інфармацыйнымі агенцтвамі Sputnik і Baltnews, якія ўваходзяць у расейскі дзяржаўны мэдыяхолдынг «Russia Today», паведамляе ERR.
Пракуратура лічыць, што Сьвятлана Бурцава, маючы грамадзянства Эстоніі і публікуючы тэксты для інтэрнэт-парталаў «Sputnik Эстония» і Baltnews, дзейнічала «на карысьць расейскай прапаганды і Крамля», наўмысна парушаючы санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам супраць «Russia Today».
У матэрыялах адзначаецца, што 57-гадовая Бурцава пісала для парталу Baltnews у 2020–2023 гадах пад псэўданімам Алан Торм.
Сьледзтва таксама выявіла, што Бурцава ў 2021 годзе скончыла ўнівэрсытэт у акупаваным Севастопалі з ступеньню магістра ў галіне інфармацыйных і гібрыдных канфліктаў. Паводле эстонскіх уладаў, за гэтую праграму адказваў былы афіцэр контравыведкі ФСБ Расеі, зь якім Бурцава выдала кнігу «Гібрыдная вайна за мір». Яе зьмест, як сьцьвярджаецца, «зьневажае Эстонію» і накіраваны «на раскол эстонскага грамадзтва».
Эстонскае грамадзянства Бурцава атрымала ў парадку натуралізацыі яшчэ ў 1994 годзе, а на расейскую прапаганду пачала працаваць у 2017 годзе.
Акрамя таго, зь мінулага году яна зьяўляецца сябрам партыі Koos, адзін зь лідэраў якой Айва Пэтэрсан знаходзіцца пад судом па абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе.
1 сакавіка 2024 году Бурцаву ўзялі пад варту. За дзяржаўную здраду ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Форум