Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідуць новыя хвалі судоў». У Берасьці і Пінску новыя працэсы над пратэстоўцамі 2020-га


Ілюстрацыйнае архіўнае фота
Ілюстрацыйнае архіўнае фота

4 верасьня адразу 11 чалавек у Берасьці і яшчэ двое ў Пінску стануць перад судом праз абвінавачаньне паводле 342-га артыкулу КК — за ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, паведамляе «Вясна».

Гаворка аб пратэстах супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і гвалту сілавікоў.

Паводле праваабаронцаў, у Берасьцейскім раённым судзе будуць судзіць Ільлю Сабко, Аляксандра Зайцава, Мікалая Каплюка, Кірыла Яўтушыка, Мікалая Місюка, Артура Зарэмбу, Дзьмітрыя Лысюка, Алега Бандарука, Міхаіла Верамчука, Дзьмітрыя Салавейку і Дзяніса Якавенку. Усе яны абвінавачваюцца па падзеях 10 жніўня 2020 году, калі былі сутычкі пратэстоўцаў зь сілавікамі. Судзіць будзе старшыня Берасьцейскага раённага суду Сяргей Маручак, абвінавачаным пагражае да 4 гадоў зьняволеньня.

Зь некаторымі з абвінавачаных сілавікі пасьля затрыманьня запісалі і выклалі ў інтэрнэт відэа. Апынуўся на пратэстах, бо «быў незадаволены вынікам выбараў», або «стаяў на праезнай частцы дарогі», прызнаюцца абвінавачаныя на відэа. Як мяркуе праваабаронца зь Берасьця Ўладзімер Вялічкін, такія запісы сьведчаць пра тое, што на затрыманых чыніўся незаконны ціск.

Уладзімер Вялічкін
Уладзімер Вялічкін

«Некаторыя са сьлядамі пабіцьця, відавочна, што ўсе моцна запалоханыя, таму некаторыя кажуць тое, што нельга інакш ацаніць, як самаагавор. Сілавікі, якія запісваюць такія відэа і потым выкладаюць іх у сеткі, дзейнічаюць як вайсковыя спэцыялісты. Нібы рапартуюць пра зачыстку акупаванай тэрыторыі», — кажа пра ўбачанае на відэа праваабаронца.

Уладзімер Вялічкін адзначае, што група з 11 абвінавачаных — ужо сёмая вялікая група берасьцейцаў, якіх прыцягнулі да суду за ўдзел у пратэстах. Паводле зьвестак Вялічкіна, гэтая група абвінавачаных пратэстоўцаў не апошняя.

«Калі ў 2021 годзе пачаліся суды ў „карагоднай справе“, сілавікі казалі, што прыцягнуць да суду 300 чалавек. Паводле нашых падлікаў, больш за палову яны сапраўды знайшлі і аддалі пад суд, хоць гэта проста людзі, якія мірна выказвалі пратэст, на што маюць паводле Канстытуцыі поўнае права. Ідуць і ідуць новыя хвалі затрыманьняў і судоў. Раней судзілі паводле 293-га артыкулу, за удзел у масавых беспарадках, цяпер — паводле 342-га артыкуле, за грубае парушэньне грамадзкага парадку. Хоць зноў гаворка пра мірны пратэст», — кажа Ўладзімер Вялічкін.

На пытаньне, чаму Берасьцейская вобласьць застаецца лідэрам у краіне ў колькасьці працэсаў над пратэстоўцамі, праваабаронца даў свой адказ:

«Тут у людзей асаблівы мэнталітэт: побач Польшча, побач Украіна. Людзі бачаць, як там ідуць справы, параўноўваюць з нашымі і больш рашуча рэагуюць на несправядлівасьць, на фальсыфікацыі. А ўлады не знайшлі нічога лепшага, як за гэта помсьціць», — мяркуе Ўладзімер Вялічкін.

4 верасьня таксама пачнуцца два працэсы над пратэстоўцамі ў раённым судзе Пінску. Аляксандра Валацко будзе судзіць судзьдзя Вольга Лубнік, а яе калега Яўгенія Мельнік разгледзіць крымінальную справу Арцёма Стасюкевіча.

Заўтра, 5 верасьня, у Бярозе паводле 342 артыкула КК будуць судзіць Мікалая Кулака, Ігара Яўменава, Андрэя Рыбакова і Віктара Данілюка. Судзьдзёй у працэсе будзе Людміла Рудзіна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG