Жанчыну затрымалі за пратэсты
Сілавікі затрымалі жанчыну, якая ў 2020 годзе ўдзельнічала ў пратэсьце. Відэа з затрыманай апублікаваў праўладны тэлеграм-канал. У роліку жанчына кажа, што ў 2020 годзе некалькі разоў удзельнічала ў несанкцыянаваных мітынгах у Менску, піша Mediazonaby. Яна сказала, што трапіла на фатаздымкі з акцыі і «не надала значэньня» гэтаму.
Менчука судзяць за ўдзел у пратэстах
У судзе Кастрычніцкага раёну Менску 2 верасьня 2024 году пачынаюць судзіць Вадзіма Сянюту, паведамляе «Вясна». Яго затрымалі за ўдзел у пасьлявыбарнай акцыі пратэсту ў 2020-м. Яго абвінавачваюць паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
У відэа, апублікаваным праўладнымі каналамі, Сянюта расказвае, што 9 жніўня 2020 году быў на праспэкце Пераможцаў, у тым ліку знаходзіўся на праезнай частцы. Справу разглядае судзьдзя Вольга Лаўрыновіч.
Менчука затрымалі за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах
Праўладны тэлеграм-канал паведаміў пра затрыманьне менчука за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасьня 2020 году. На відэа сілавікоў затрыманы кажа, што «выходзіў на праезную частку, каб сфатаграфавацца». Паводле папярэдняй інфармацыі «Вясны», імя затрыманага — Максім Карабак.
Паўторна судзяць палітвязьня, якога пакаралі за «абразу Лукашэнкі»
У Берасьцейскім абласным судзе 2 верасьня пачынаецца новы суд над 41-гадовым палітзьняволеным з Баранавічаў Яўгенам Кладавым, рабочым, якога ў лістападзе 2023 году асудзілі на год зняволення за «абразу» Лукашэнкі.
Пасьля адбыцьця першага тэрміну яго ня вызвалілі з калёніі, а завялі новую крымінальную справу за допісы і камэнтары ў інтэрнэце паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «заклікі да санкцыяў» і «арганізацыю масавых беспарадкаў».
Перад другім судом Яўгена дадалі ў «сьпіс тэрарыстаў», тым самым абмежаваўшы ў грашовых пераводах. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Мікалай Сянько.
Форум