Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска, якую затрымалі на грузінска-армянскай мяжы, вырашыла не прасіць прытулку ў Армэніі


Дзіяна Маісеенка
Дзіяна Маісеенка

Беларуска Дзіяна Маісеенка, якую затрымалі 2 верасьня пры перасячэнні мяжы Грузіі з Армэніяй праз палітычны перасьлед у Беларусі, вырашыла не прасіць палітычнага прытулку ў Армэніі.

Пра гэта армянскай службе Радыё Свабода паведаміў адвакат Дзіяны Маісеенкі. Паводле абаронцы, беларуска будзе змагацца за тое, каб атрымаць дазвол на свабоднае перамяшчэньне. Адвакат кажа, што яны настроеныя пазытыўна.

Беларуску Дзіяну Маісеенку затрымалі 2 верасьня пры перасячэньні мяжы Грузіі з Армэніяй, бо яна ў вышуку ў Беларусі за ўдзел у пратэстах. Ёй інкрымінуюць артыкул 342 ч.1 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), у Беларусі ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 4 гадоў.

Спачатку Дзіяну Маісеенку зьмясьцілі пад варту на 72 гадзіны, але пасьля вызвалілі. На час разгляду экстрадыцыйнай справы ёй абмежавалі выезд з краіны. Офіс Ціханоўскай атрымаў запэўніваньні ад армянскага боку, што Ерэван ня будзе выдаваць рэжыму Лукашэнкі перасьледаваных з палітычных прычын грамадзян Беларусі.

Дзіяна Маісеенка выехала зь Беларусі летам 2023 году. Яна дачка былога палітвязьня Андрэя Іванюшына, якога асудзілі за інцыдэнт 19 верасьня 2020 году каля гандлёвага цэнтру «Эўропа» ў так званай «справе байкераў». Іванюшын тады атрымаў два з паловай гады пазбаўленьня волі. Ён цалкам адбыў тэрмін у шклоўскай калёніі. Дзяўчына не хавае, што ў 2020-м удзельнічала ў пратэстах.

Больш за год Дзіяна Маісеенка жыла ў Грузіі. Пра тое, што і на яе завялі крымінальную справу, яна ня ведала. У Армэнію яна паехала ў вандроўку, а таксама каб заадно зрабіць так званы «візаран».

Са словаў адваката, які пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы, вынікае, што Дзіяна Маісеенка нібыта праходзіць па справе свайго бацькі. «Там фігуруе, што мы з татам былі ў змове і разам удзельнічалі ў пратэстах», — сказала Дзіяна Свабодзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG