Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска ўвайшла ў топ-5 найбагацейшых жанчын Расеі


Натальля Луцэнка, архіўнае фота
Натальля Луцэнка, архіўнае фота

Натальля Луцэнка з канца 90-х гадоў жыве ў Расеі, укладала ва ўкраінскі бізнэс, але дагэтуль ейная прадпрымальніцкая дзейнасьць актыўна ідзе і ў Беларусі.

Часопіс Forbes, які зьяўляецца аўтарам дасьледаваньня, ацаніў яе багацьце ў 1,25 млрд даляраў. Гэта пятае месца ў рэйтынгу. Вышэй за яе ў сьпісе 20 найзаможнейшых толькі Тацяна Бакальчук (5,5 млрд даляраў, Wildberries), Тацяна Літвіненка (2,45 млрд, «Фосагро»), Варвара Скоч (2,2 млрд, USM) і Алена Батурына (1,3 млрд, Inteco Management).

68-гадовая Натальля Луцэнка — уладальніца 50% долі ў адным з найбуйнейшых у Эўропе перапрацоўнікаў насеньня алейных культур — Групе кампаній «Содружество». Астатнія 50% аб’яднаньня, штаб якога разьмешчаны ў горадзе Сьветлы Калінінградзкай вобласьці, належаць яе мужу Аляксандру Луцэнку. Па выніках 2023 году той заняў першае месца ў топ-100 пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі па вэрсіі выданьня «Белорусы и рынок» і вярнуўся ў рэйтынг мільярдэраў глябальнага Forbes. Складальнікі гэтых рэйтынгаў долю жонкі ўключалі ў ягоны капітал.

Аляксандар і Натальля Луцэнкі — першыя ў гісторыі Расеі сужэнцы-мільярдэры з роўнымі долямі ў бізнэсе.

Профіль Натальлі Луцэнкі — адзіны ў цэлым сьпісе Forbes, у якім няма фатаздымку.

Паводле інфармацыі «Белорусы и рынок», бізнэс Луцэнкі пачалі яшчэ ў 1994-м у Менску. Пэўны час у прадпрыемстве ўдзельнічаў і брат Натальлі.

Кампанія «Содружество» досыць хутка стала адным з найбуйнейшых імпартэраў кармоў у краіны былога СССР. На пачатку 2000-х пабудавала ў Расеі завод бялковых дабавак і канцэнтратаў «Рыбфлотпром», інвэставала ва Ўкраіне і Даніі.

У сярэдзіне 2000-х сям’я Луцэнкаў засяродзілася на перапрацоўцы алейных культур і рэалізацыі прадуктаў зь іх. Для гэтага кампанія прадала няпрофільныя актывы і пабудавала вялізны перапрацоўчы комплекс у Сьветлым. Туды ж зь Менску пераехала штаб-кватэра кампаніі. У 2000–2010-х Луцэнкі скуплялі вытворчыя актывы ў Паўднёвай Амэрыцы, фармавалі адзін з найбуйнейшых у Расеі спэцыялізаваных паркаў вагонаў для перавозкі кармоў і міжнародную сетку паставак. На працягу 2012–2016 гадоў 10% акцый «Содружества» належалі японскаму прадаўцу Mitsui.

Была ў Натальлі Луцэнкі і палітычная кар’ера. У 2009 годзе яна перамагла на выбарах мэра Кіславодзку ад прапуцінскай партыі «Единая Россия». 19 траўня таго году, у час выбараў, за 50 мэтраў ад адміністрацыі Кіславодзку грымнуў выбух, і Луцэнка атрымала раненьні, пісала стаўрапальская газэта «Блокнот». Пасьля яна 5 гадоў была мэрам гораду.

Напачатку ў аб’яднаньні ўдзельнічала шмат выхадцаў зь Беларусі. Былі й пляны пабудовы буйнога заводу, але, нягледзячы на выдзяленьне пляцоўкі пад Лідай, вытворчасьць запрацавала ў іншым месцы. На працягу 2014–2018 гадоў у Смаргонях быў узьведзены вялізны агралягістычны цэнтар з алееэкстракцыйным заводам, які вырабляе рапсавыя і соевыя алеі, рапсавы, соевы, ільняны шрот і лецытын. Кіруе смаргонскім комплексам кампанія «Агратэрмінал».

У 2019 годзе група кампаній «Содружество» пабудавала новы офіс у элітным раёне Менску, а таксама займела некалькі сотняў вагонаў-гопэраў для чыгуначных перавозак. Парк знаходзіцца ва ўладаньні кампаніі «Садружнасьць Транс-Агра». У структуру «Садружнасьць-Бел» таксама ўваходзіць трэйдынгавая кампанія «Першая пратэінавая».

Сёлета Луцэнкі набылі яшчэ адзін агралягістычны комплекс у Беларусі — кампанію «Інфіда» ў Пухавіцкім раёне.

У 2023 годзе адбылася рэструктурызацыя маёмасьці Луцэнкаў, цяпер усё падзелена паводле розных актываў — беларускіх, расейскіх і міжнародных.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG