З 15 кастрычніка Беларусь пашырыла сьпіс тавараў, забароненых да ўвозу з «недружалюбных краін». Сьпіс забароненых для ўвозу тавараў дапоўнілі наступнымі пазыцыямі:
- поліэтылен высокага ціску;
- шынная прадукцыя;
- пліты OSB;
- фанэра;
- вырабы сталярныя і цясьлярскія;
- папера і вырабы санітарна-гігіенічныя;
- папера і кардон, у тым ліку гафраваныя;
- анучы;
- шкловалакно, уключаючы шклавату.
- Дадаткова з Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхіі і Эстоніі забаранілі завозіць:
- сумкі і валізкі;
- шпалеры;
- плітку керамічную;
- санітарна-тэхнічныя вырабы;
- лядоўні;
- маразільнікі і іншае халадзільнае або маразільнае абсталяваньне;
- пральныя машыны;
- падгузкі і пялюшкі.
Гэтыя прадукты раней забараніў вывозіць ЭЗ
Большасьць тавараў, якія беларускі ўрад вырашыў абмежаваць да ўвозу, і так не змаглі б трапіць у Беларусь. Прычына — новы пакет санкцый ЭЗ, які быў прыняты 29 чэрвеня. У яго таксама ўвайшлі лядоўні, валізы, маразільнікі, шыны, шкловалакно, фанэра, гігіенічныя вырабы з паперы, кардон. А значыць, беларускі ўрад збольшага проста люстэркава забараніў тое, што раней забараніў увозіць у Беларусь ЭЗ.
Аднак ёсьць прадукты, якія ня трапілі пад забарону з боку Эўразьвязу, але беларускі ўрад іх прывозіць забараніў. Гэта гігіенічныя пракладкі і тампоны, пялёнкі, падгузкі і анучы. Забарона тычыцца Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхіі і Эстоніі. А таксама ракавіны, рукамыйнікі, ванны і бідэ з гэтых краін.
Глядзім, ці шмат гэтых прадуктаў з ЭЗ раней купляла Беларусь. Напрыклад, у 2021 годзе (апошняя дасяжная статыстыка ад Белстату) Беларусь закупіла сурвэтак, ручнікоў і пялёнак з паперы ў рулёнах на 5,4 мільёна даляраў. Большасьць — з Расеі. З краін Эўразьвязу толькі на 399,2 тысячы даляраў.
Паперы і кардону гафраванага Беларусь купіла тады на 24,5 мільёна даляраў. 23,9 мільёна з гэтага — пастаўкі з Расеі. З ЭЗ толькі на 254,4 тысячы даляраў.
Шпалераў Беларусь закупіла ў 2021 годзе на 26 мільёнаў даляраў, з гэтага ў Расеі — на 17,4 мільёна даляраў, у ЭЗ — на 5,2 мільёна даляраў.
Туалетнай паперы, насовак, сурвэтак ды іншых вырабаў з паперы Беларусь імпартавала на 34,1 мільёна даляраў. З Расеі — на 25,9 мільёна даляраў, з ЭЗ — на 3 мільёны даляраў. З гэтага туалетнай паперы на 19 мільёнаў даляраў, з краін ЭЗ — толькі на 1 мільён, ці 1/19 частку.
Скрыняў з гафраванага кардону Беларусь купіла тады на 70,5 мільёна даляраў. З ЭЗ — толькі на 7,3 мільёна, гэта адна дзясятая частка ад усяго імпарту гэтага тавару.
Сродкаў гігіены для жанчын і дзяцей (якраз тое, што забаранілі завозіць з Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі) у 2021 годзе Беларусь закупіла на 88,6 мільёна даляраў. З гэтага ў ЭЗ — на 7,4 мільёна даляраў, найбольш у Польшчы (5,7 мільёна даляраў).
Керамічнай пліткі ў ЭЗ Беларусь купляла больш, але гэта ўсё адно менш за палову ад усяго імпарту гэтага тавару. Напрыклад, у 2021 годзе ўсяго керамічнай пліткі набылі на 48,7 мільёна даляраў, з гэтага імпарт з ЭЗ складаў 18,3 мільёна даляраў.
Шынаў у 2020 годзе Беларусь купіла за мяжой на 198 мільёнаў даляраў. З гэтага доля імпарту з ЭЗ — 24,9 мільёна даляраў.
Лядоўняў і маразільнікаў Беларусь купіла ў 2020 годзе на 103,5 мільёна даляраў, доля ЭЗ тут — 26 мільёнаў даляраў.
Што цяпер закупляюць у Эўразьвязе
Беларуская статыстыка аб імпарце тавараў з-за мяжы недасяжная з 2021 году, але ёсьць статыстыка Эўрастату. За 6 месяцаў гэтага году краіны ЭЗ прадалі тавараў у Беларусь на 4,5 мільярда даляраў (4,1 мільярда эўра). Летась гэтая сума за 6 месяцаў была меншай: 4,3 мільярда даляраў, ці 3,9 мільярда эўра.
- Сёлета найбольш прадавалі ў Беларусь наступныя тавары:
- Машыны і абсталяваньне для іх — 2,1 мільярда даляраў (1,9 мільярда эўра)
- Прадукты хімічнай вытворчасьці — 1 мільярд даляраў (909,8 мільёна эўра)
- Прамысловыя тавары — 409 мільёнаў даляраў (369,1 мільёна эўра)
Расейскія і кітайскія аналягі
Захады беларускага ўраду абмяжуюць спажывецкі імпарт з ЭЗ (г. зн. калі тавары завозяць самі людзі для сябе). Такую думку ў размове са Свабодай выказала старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.
«У асноўным абмежавальныя меры датычаць спажывецкіх тавараў. Гэта могуць замяніць расейскімі ды кітайскімі вытворцамі. Нельга сказаць, што гэта стратэгічна важныя для Беларусі тавары. Гаворка пра абмежаваньне спажывецкага імпарту», — кажа Анастасія Лузгіна.
Таксама гэтыя абмежавальныя меры ўскладняць жыцьцё кампаніям, якія яшчэ завозілі тавары з ЭЗ. Што да ўплыву на спажыўца ў Беларусі, то людзі не застануцца без забароненых тавараў, але скароціцца прапанова эўрапейскіх брэндаў.
«Магчыма, эўрапейскія брэнды і застануцца, але зусім па іншых цэнах. Гэта абмежаваньне ў выбары. Калі людзі хацелі эўрапейскай якасьці, то прапанова скароціцца. Рынак будзе замяняцца іншымі таварамі, якія прасьцей завозіць. Якасны складнік пагоршыцца», — зазначае Анастасія Лузгіна.
А што ў крамах
У сэрвісе Е-дастаўка пакуль ёсьць сродкі гігіены з Польшчы і Чэхіі, аднак большасьць брэндаў расейскія ці беларускія. Напрыклад, падгузкаў з Польшчы ёсьць два найменьні, з Расеі — тры дзясяткі. Падобная сытуацыя ў гэтым сэрвісе і з жаночымі сродкамі гігіены: калі з Польшчы ці Чэхіі гэта адзін ці два варыянты, то з Расеі — у некалькі разоў больш тавараў.
Што да ваннаў, рукамыйнікаў ды іншай сантэхнікі, то ў тэматычных крамах пакуль хапае прапаноў польскіх і чэскіх брэндаў.
Форум