«Ніякіх загадаў, каб ісьці ваяваць за межы Беларусі, не было і ня будзе», — заявіў Аляксандар Лукашэнка 29 жніўня ў Менску, слухаючы даклад аб «актуальных пытаньнях інфармацыйнай палітыкі».
«Мы толькі тады будзем ваяваць, калі прыйдуць да нас з дрэннымі намерамі», — цытуе яго БелТА.
Раней вайсковае ведамства Беларусі паведаміла, што ў рамках задач ва «ўзмацненьні дзяржаўнай мяжы на паўднёвых рубяжах» у адным з раёнаў «разгорнуты мэдыцынскі атрад спэцыяльнага прызначэньня».
Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у ноч на 29 жніўня ў 3:30 у паветраную прастору Беларусі з боку Украіны ўвайшоў чарговы бесьпілётнік-камікадзэ «Шахед», запушчаны Расеяй.
Спасылаючыся на ўласныя зьвесткі, група паведаміла, што ў 3:55 у Ельскім раёне Гомельскай вобласьці «чулі ня менш за два выбухі і назіралі яркую ўспышку ў небе». Была выказана думка, што беларускі зьнішчальнік упершыню за гісторыю назіраньняў правёў спробу «зьнішчыць рэальную ваенную цэль у небе».
Раней паведамлялася, што расейскія «Шахеды» заляталі ў паветраную прастору Беларусі дзьве ночы запар — 26 і 27 жніўня, да гэтага іх фіксавалі ў ліпені. Ніякіх прэтэнзій Менск наконт гэтага публічна не выказваў.
Пры гэтым Лукашэнка 10 жніўня абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі і заявіў, што загадаў вярнуць войскі да паўднёвай мяжы.
Раней ён неаднаразова заяўляў, што Беларусь неадкладна адрэагуе на любую праяву агрэсіі, не выключаючы, што можа быць прымененая тактычная ядзерная зброя.
- Міністэрства абароны Беларусі 11 жніўня заявіла, што нібыта «накіроўвае дадатковую вайсковую тэхніку ў прымежныя з Украінай рэгіёны».
- Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка назваў заяву Мінабароны Беларусі аб «умацаваньні» мяжы з Украінай «нагнятаньнем, каб працягваць падыгрываць Расеі».
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў.
Форум