Суразмоўцы агенцтва сьцьвярджаюць, што такое рашэньне Анкара прыняла на фоне шэрагу няўдач на перамовах аб уступленьні ў Эўразьвяз. Турэччына мае статус кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ з 1999 году.
Акрамя таго, часткова заяўка на ўступленьне ў BRICS зьвязаная з рознагалосьсямі Турэччыны з саюзьнікамі па NATO. Гэтыя супярэчнасьці ўзьніклі пасьля таго, як Анкара ня стала разрываць сувязі з Масквой пасьля нападу Расеі на Ўкраіну, сьцьвярджаюць крыніцы Bloomberg.
Адміністрацыя прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана лічыць, што геапалітычны цэнтар вагі ссоўваецца ад разьвітых эканомік у бок краінаў, якія разьвіваюцца. Таму Турэччына мае намер узмацняць сваю глябальную прысутнасьць і ўмацоўваць сувязі па-за межамі інтарэсаў заходніх саюзьнікаў, адначасова выконваючы свае абавязаньні як член NATO, адзначае Bloomberg.
Аб’яднаньне BRICS было створанае ў 2006 годзе Бразыліяй, Расеяй, Індыяй, Кітаем і Паўднёвай Афрыкай. У 2024 годзе ў групу ўвайшлі Іран, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Этыёпія і Эгіпет. Уступіць у BRICS плянавала і Саудаўская Арабія, але пакуль так і не далучылася.
Вядома, што заяўкі на ўступленьне ў арганізацыю падалі ўжо Азэрбайджан, Малайзія і Тайлянд. Пашырэньне BRICS чакаецца на саміце ў Казані, які мае прайсьці з 22 па 24 кастрычніка.
Форум