Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў аб гатоўнасьці дапамагчы палестынцам у вайне з Ізраілем, як гэта Турэччына зрабіла ў мінулым у Лібіі і непрызнаным Нагорным Карабаху.
Як паведаміла агенцтва Reuters, пра гэта Рэджэп Эрдаган заявіў 28 ліпеня ў часе прамовы пра пасьпяховасьць абароннай прамысловасьці Турэччыны на пасяджэньні кіроўнай «Партыі справядлівасьці і разьвіцьця».
«Мы павінны быць вельмі моцнымі, каб Ізраіль ня мог рабіць гэтыя абсурдныя рэчы з Палестынай. Дакладна так, як мы ўвайшлі ў Карабах, дакладна так, як мы ўвайшлі ў Лібію, мы маглі б зрабіць тое самае зь імі», — працытавала прэзыдэнта Турэччыны агенцтва.
Аднак якім можа быць умяшаньне Турэччыны ў вайну з Ізраілем, Рэджэп Эрдаган не ўдакладніў.
У 2020 годзе Анкара накіроўвала сваіх вайскоўцаў у Лібію для падтрыманьня прызнанага ААН Ураду нацыянальнага адзінства гэтай краіны.
Што тычыцца падзеяў у Нагорным Карабаху, то Турэччына адмаўляла сваю непасрэдную ролю ў ваенных апэрацыях Азэрбайджану ў гэтым рэгіёне. Пры гэтым летась турэцкія ўлады заяўлялі, што выкарыстоўваюць усе сродкі, уключна з дапамогай у падрыхтоўцы войскаў і мадэрнізацыі, для падтрымкі свайго блізкага хаўрусьніка.
- 7 кастрычніка 2023 году палестынская групоўка ХАМАС, прызнаная ў ЗША і Эўразьвязе тэрарыстычнай, напала на поўдзень Ізраілю. Ахвярамі атакі сталі больш за 1200 чалавек. У адказ Ізраіль пачаў ваенную апэрацыю супраць ХАМАС у сэктары Газа. На тле канфлікту ў Газе радыкальная групоўка «Хэзбала», што знаходзіцца на тэрыторыі Лібану, і ізраільскія вайскоўцы абстрэльваюць пазыцыі адзін аднаго ўздоўж мяжы.
- 27 ліпеня ў выніку ракетнага ўдару па горадзе Мадждаль-Шамс на падкантрольных Ізраілю Галянскіх вышынях, паводле апошніх зьвестак, загінулі 12 чалавек, большасьць зь іх — дзеці і падлеткі. У нанясеньні ўдару Ізраіль абвінаваціў «Хэзбалу». Прадстаўнікі гэтай групоўкі сваю датычнасьць адмаўляюць.
Форум