Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сэктары Газа знайшлі целы шасьцярых ізраільскіх закладнікаў


Херш Голдбэрг-Полін, партрэт загінулага на адной з маніфэстацый у Ізраілі
Херш Голдбэрг-Полін, партрэт загінулага на адной з маніфэстацый у Ізраілі

Яны былі ў закладнікаў тэрарыстаў ад 7 кастрычніка 2023 году.

Ізраільскія вайскоўцы знайшлі целы шасьці закладнікаў, выкрадзеных 7 кастрычніка 2023 году ў сэктары Газа. Гэта Эдэн Ерушалмі, Оры Даніна, Кармель Гат, Херш Голдбэрг-Полін, Альмог Сарусі і Аляксандар Лабанаў. Апошні, акрамя ізраільскага, меў яшчэ і расейскае грамадзянства.

Шасьцёра загінулых закладнікаў, ахвяры ХАМАС
Шасьцёра загінулых закладнікаў, ахвяры ХАМАС

Прэс-служба Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) паведаміла, што ўсе шасьцёра загінулі нядаўна. Целы знойдзеныя ў падземным тунэлі на поўдні сэктару Газа, непадалёк ад месца, дзе 27 жніўня быў вызвалены закладнік Каід Фархан аль-Кадзі. Ці было вызваленне аль-Кадзі зьвязана зь іх сьмерцю, невядома.

Пазьней высьветлілася, што згаданы падземны тунэль знаходзіўся ў Рафаху. Пра гэта заявіў прэс-аташэ ЦАХАЛ Даніэль Хагары.

Больш за 1200 чалавек загінулі падчас атакі групоўкі ХАМАС, прызнанай у ЗША і Эўропе тэрарыстычнай, на поўдні Ізраіля ў кастрычніку мінулага году. Больш за 250 былі выкрадзены і вывезены ў Газу.

У лістападзе 2023 году падчас рэжыму спыненьня агню былі вызваленыя 105 закладнікаў. Іх абмянялі на палестынскіх вязьняў, якія адбывалі пакараньне ў Ізраілі.

У цяперашні час у палоне ў баевікоў 101 ізраільскі закладнік. 34 зь іх ужо загінулі, інфармацыю аб іх гібелі пацьвердзіла ізраільская армія, ХАМАС захоўвае іх целы.

20 жніўня падчас апэрацыі ў раёне гораду Хан-Юніс ЦАХАЛ таксама выявіў шэсьць целаў іншых закладнікаў. Паводле зьвестак вайскоўцаў, загінулыя — Ягеў Бухштаб, Аляксандар Данцыг, Абрагам Мундэр, Ёрам Мецгер, Надаў Паплевел і Хаім Пэры. Іх абвясьцілі загінулымі яшчэ ў чэрвені і ліпені.

На нядаўніх перамовах з удзелам пасярэднікаў дамоўленасьці аб спыненьні агню дамагчыся не ўдалося. ізраільскія вайскоўцы ў канцы жніўня паведамілі, што ў праводзяць «контратэрарыстычную апэрацыю» ў гарадах Джэнін і Тулькарм на Заходнім беразе ракі Ярдан.

Міністар замежных спраў Ізраілю Ісраэль Кац раней абвінаваціў Іран у імкненьні адкрыць новы фронт на Заходнім беразе ракі Ярдан. Ён заявіў, што апэрацыя ў Джэніне і Тулькарме накіраваная на зьнішчэньне «інфраструктуры іранска-ісламісцкага тэрору». Міністар таксама падкрэсьліў, што апэрацыя павінна суправаджацца часовай эвакуацыяй палестынскіх жыхароў.

ХАМАС кіруе сэктарам Газа, але на Заходнім беразе таксама ёсьць іхныя структуры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG