У новай рэдакцыі Чырвонай кнігі мяркуецца панізіць ахоўны статус зубра, мядзьведзя, рысі і барсука, а павысіць — толькі хамяка. Пад пагрозай зьнікненьня сусьлікі, а эўрапейскай норкі ў беларускіх лясах ужо не сустрэнеш.
Чырвоная кніга зьявілася ў Беларусі ў 1981 годзе і зьмяшчала тады 80 відаў жывёлаў і 81 від расьлін. У чацьвёртым выданьні 2015 году было ўжо 202 віды жывёлаў і 303 расьлін.
Абноўленае, пятае выданьне ЧКБ павінна зьявіцца ў 2025-м. Адтуль прапануюць выключыць 13 відаў жывёлаў, уключыць 21 від, зьмяніць ахоўны статус для 33 відаў.
Беларускі эколяг Андрэй (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) кажа, што людзі часьцяком думаюць, што ў Чырвонай кнізе зьмешчаныя толькі тыя віды, якія ахоўваюцца.
«Гэта ня так. Усе віды законам ахоўваюцца. Чырвоная кніга ж пра тыя віды, якія належыць асабліва ахоўваць. Гэта мэханізм, які дазваляе зразумець, што ёсьць праблемныя віды, і распрацаваць адмыслова пад гэтыя віды захады аховы. Навуковыя дадзеныя зьмяняюцца, і становішча відаў зьмяняецца. Таму ЧКБ не фіксаваны інструмэнт, а дадаткова гнуткі», — тлумачыць экспэрт.
У апошнія гады колькасьць мядзьведзяў у Беларусі значна павялічылася, па розных падліках — да 700 ці нават тысячы асобін.
Сьпіс відаў у ЧКБ пераглядаецца кожныя 10 гадоў. Да прыкладу, у новую рэдакцыю выданьня мяркуецца ўключыць гіганцкую вячэрніцу. Від, які ў Беларусі знайшлі толькі некалькі гадоў таму. А вось птушку аўдотку выключаюць, таму што яе даўно няма ў Беларусі і наўрад ці яна ў найбліжэйшы час зьявіцца, дадае эколяг.
Усе віды жывёлаў і расьлін падзяляюцца ў Чырвонай кнізе на 4 катэгорыі. У першай — віды, якія знаходзяцца пад максымальнай, глябальнай пагрозай зьнікненьня. У апошняй — патэнцыйна ўразьлівыя віды, у дачыненьні якіх необходны спэцыяльны рэжым аховы і выкарыстаньня.
«Сьвет павінен маліцца на зубра і вяртлявую чаротаўку»
Эколяг Андрэй зьвяртае ўвагу на тое, што Беларусь нясе адказнасьць за захаваньне пэўнага віду ня толькі на сваёй тэрыторыі, а і ў глябальнай або эўрапейскай папуляцыі. Відаў можа быць мала ў Беларусі, а ў сьвеце дастаткова шмат.
«Напрыклад, арол-белахвост. Альбо сава-сіпуха. У нас гэта вельмі рэдкія віды, сіпух усяго дзьве-тры пары гняздуюцца, але гэта від-касмапаліт, жыве па ўсім сьвеце. Калі яны зьнікнуць у Беларусі, сьвет, магчыма, і не заўважыць. Але для нас ахова іх важная.
Ёсьць віды, якія маюць высокі глябальны статус аховы. Напрыклад, зубар занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу. Але ў беларускай папуляцыі траціна зуброў ад усясьветнай (за 30 гадоў колькасьць зуброў у Беларусі вырасла ў 9 разоў і перавысіла 2,7 тысячы асобін). Аднак нашы зубры ўвогуле важныя для захаваньня віду.
Альбо вяртлявая чаротаўка — кожная трэцяя птушка сьвету жыве на беларускіх балотах. І Беларусь, і сьвет павінны проста маліцца на зубра, вяртлявую чаротаўку, вялікага арляца. Гіганцкую вячэрніцу (від рукакрылых) Беларусь мяркуе ўнесьці ў Чырвоную кнігу толькі зараз, а ў Эўропе яна мае высокі ахоўны статус», — тлумачыць эколяг.
Тое самае і з рысьсю, якая ў Беларусі ня вельмі рэдкі зьвер, ва ўсіх прыдатных экасыстэмах сустракаецца, колькасьць ацэньваецца прыкладна ў 1,6 тысячы асобін, дадае эколяг.
«У эўрапейскім маштабе беларуская папуляцыя рысі вельмі важная, таму што зь Беларусі наша рысь распаўсюджваецца па Эўропе (яшчэ праз Карпаты яна заходзіць у Эўразьвяз). Паляўнічыя лічаць, што яе, можа, і ня трэба ўжо ахоўваць. Але наша папуляцыя, якая непасрэдна мяжуе з ЭЗ, дзе рысь толькі сябе аднаўляе, мае асаблівае значэньне. Як і ваўкі — у Беларусі яны не ў Чырвонай кнізе, а ў Эўропе маюць ахоўны статус. Гэта важна для Эўропы.
Высокі плот, які пабудавалі паміж Беларусьсю і Польшчай, эколягаў асабліва турбуе нават не таму, што зубар ня можа перайсьці мяжу, а менавіта таму, што рысь ня можа пераходзіць. Для эўрапейскіх эколягаў магчымасьць міграцыі рысі празь мяжу вельмі важная», — мяркуе беларускі эколяг.
Бінарны статус мядзьведзя і барсука
У новай рэдакцыі Чырвонай кнігі таксама плянуецца зьмяніць ахоўны статус для 33 відаў жывёлаў. З найвышэйшай першай катэгорыі панізіць да чацьвёртай бурага мядзьведзя, з трэцяй да чацьвёртай катэгорыі аховы — зубра, барсука і рысь.
Што да рысі, у лістападзе 2023 году кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч заявіў, што дынаміка аднаўленьня папуляцыі «проста дазваляе паляўнічым адкрываць фрагмэнтарна, кватавана гэтае паляваньне, яна прымушае да гэтага». Але пакуль у новай рэдакцыі ЧК прапануецца панізіць ахоўны статус рысі з II да IV катэгорыі, але не выключыць яе адтуль.
Эколяг Андрэй зазначае, што людзі звычайна трывожацца, калі кагосьці хочуць выдаліць з Чырвонай кнігі. Але, на яго думку, сам па сабе факт вынясеньня віду зь яе або, наадварот, унясеньня туды праблемай не зьяўляецца.
«Праблема ў тым, што працэс, на жаль, не празрысты і не канкурэнцыйны. Бо ў нармальным грамадзтве ёсьць дзьве сілы, якія канкуруюць паміж сабой: тыя, хто хоча выключыць (кшталту пракурораў), і тыя, хто пакінуць (адвакаты). І ёсьць суд, які незалежна вырашае. У Беларусі гэтага няма.
Зубра, мядзьведзя і рысь не выключаюць з ЧКБ, а прапануюць надаць ім двайны статус, каб на гэтых зьвяроў можна было лімітавана паляваць. Але ў сытуацыі, калі няма празрыстасьці, цяжка ўявіць, наколькі гэтае паляваньне будзе кантраляваным. Добра, што рысь, мядзьведзь, барсук застаюцца ў ЧКБ, але нядобра, што яны маюць бінарны статус», — лічыць эколяг Андрэй.
Паляўнічае лобі
Эколяг Інэса Балоціна таксама выказвае занепакоенасьць паніжэньнем статусу «чырванакніжнікаў-драпежнікаў». Яны жывуць у дзікай прыродзе, у вялікіх лясах, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш.
«Гэтыя зьвяры — мядзьведзь, рысь, барсук — патрабуюць досыць вялікіх тэрыторый, цяжкадаступных для людзей. Усё менш застаецца дзікай прыроды — патэнцыйна гэтыя зьвяры ня могуць быць масавымі. Драпежнікі ўразьлівыя, яны паступова становяцца больш рэдкімі.
Да таго ж у Беларусі зараз назіраецца тэндэнцыя актыўнага высяканьня лясоў. Або лясных масіваў становіцца менш празь неспрыяльнае надвор’е. Напрыклад, ад моцнага ўрагану ў Гомельскай вобласьці шмат лясоў палегла.
Паніжэньне статусу рысі, мядзьведзя, зубра — гэта кампраміснае рашэньне. Але тэндэнцыя дрэнная. Бо паляўнічае лобі даволі ўплывовае», — кажа Інэса Балоціна.
На думку спадарыні Балоцінай, усё больш зьвяроў у Беларусі патрабуюць абароны, для многіх відаў складаюцца неспрыяльныя ўмовы.
Эўрапейская норка, хамяк і сусьлік
Эколяг Інэса Балоціна кажа, што ў вялікіх старых дрэвах водзяцца соні — лясныя, арэшнікавыя, у тым ліку і рэдкія рукакрылыя. А Беларусь штогод страчвае 10% старых лясоў.
Яна згадвае і эўрапейскую норку, якую Беларусь, па сутнасьці, страціла. Бо цягам 10 гадоў навукоўцы ня могуць пацьвердзіць, што эўрапейская абарыгенная норка ў Беларусі захавалася.
«Нашу фаўну ўзбагачалі амэрыканскай норкай як лепшым відам для паляўнічых і для разьвядзеньня ў вальерах і зьверагаспадарках. Яна надзвычай агрэсіўная. Вынік — эўрапейская абарыгенная норка зьнікла. Дзякуючы дзеяньням, калі былі завезеныя чужародныя віды жывёлаў, некаторыя віды сталі рэдкімі», — сьцьвярджае эколяг.
Яна прыводзіць і іншыя прыклады. Зьнікла вадзяная палёўка, зь якой некалі змагаліся і тысячамі зьнішчалі. На мяжы зьнікненьня і хамяк (ня той, якога звычайна трымаюць дома, джунгарскага альбо сырыйскага), тлумачыць эколяг.
«Наш беларускі хамяк — вялікі і злы зьвер. Яго катэгорыю ў Чырвонай кнізе прапануюць павысіць да першай, самай ахоўнай. Але, магчыма, ён зьнік і мы яго ня знойдзем. Бо не прымаліся захады для яго захаваньня.
Я б таксама зьвярнула ўвагу на рабога сусьліка. Былі прапановы павысіць прыродааахоўны статус сусьліка да першай катэгорыі. За апошнія 6 гадоў з 12 калёній, якія былі перададзеныя пад ахову, засталося 4, і толькі дзьве зь іх жыцьцяздольныя», — кажа эколяг.
Праблемы зьнікненьня і сусьліка, і хамяка, на думку Балоцінай, у тым, што гэтыя зьвяркі жывуць на адкрытых прасторах, на ўскраінах палёў, дзе вядзецца выпас свойскіх жывёлаў — авечак, кароў. Ім трэба, каб трава была нізенькая, каб яны маглі схавацца ад драпежнікаў.
У Нясьвіскім раёне поле, дзе была адна калёнія сусьлікаў, узаралі і засеялі кукурузу. Эколягі пісалі, абураліся.
«А гаспадарнікі кажуць, што гэтыя 100 гектараў (дзе жыве сусьлік) такія істотныя для іх, яны, маўляў, страчваюць 100 тысяч даляраў штогод! Але рабы сусьлік — унікальная зьява. Страта будзе незваротная для прыроды, бо ў рабых сусьлікаў унікальная генэтычная структура».
На думку Інэсы Балоцінай, калі будзе прынятая пастанова Савету Міністраў і паляўнічае лобі пераможа, можа зьявіцца зусім іншы сьпіс чырвонакніжных відаў, чым той, які прэзэнтавалі тыдзень таму.
«Грамадзкасьці варта цікавіцца гэтай сытуацыяй. І падтрымліваць навукоўцаў, каб прыродаахоўныя мэтады не былі зусім падтапаныя пад вузкаведамасныя альбо нават асабістыя інтарэсы некаторых людзей, якія любяць паляваць», — кажа эколяг Інэса Балоціна.
Форум