Зь першай, найвышэйшай з чатырох, да чацьвёртай мяркуецца панізіць катэгорыю нацыянальнай прыродаахоўнай значнасьці бурага мядзьведзя ў плянаваным да выпуску ў 2025 годзе пятым выданьні Чырвонай кнігі Беларусі, заявіў на прэс-канфэрэнцыі 20 жніўня намесьнік гендырэктара па навуковай і інавацыйнай працы «Навукова-практычнага цэнтру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах» Павал Гештаўт, паведамляе «Позірк».
Паводле сьцьвярджэньня навукоўца, у канцы 1980-х гадоў колькасьць папуляцыі бурага мядзьведзя на тэрыторыі Беларусі складала каля 130 асобін, у 2004 годзе — 240, цяпер — каля 800.
З трэцяй да чацьвёртай мяркуецца панізіць катэгорыі аховы зубра (за 30 гадоў колькасьць вырасла ў 9 разоў і перавысіла 2,7 тысячы асобін), барсука (у 2000-х гадах папуляцыя ацэньвалася ў 800–1,6 тысячы асобін, у 2021–2023 гадах — 2,5–2,7 тысячы), рысі (цяпер колькасьць ацэньваецца прыкладна ў 1,6 тысячы асобін) і гарнастая, зьвестак пра колькасьць якога не прывялі.
З трэцяй да першай прапануюць павысіць катэгорыю аховы звычайнага хамяка, з чацьвёртай да трэцяй — шэрага вушана.
Уключыць у Чырвоную кнігу зь першай катэгорыяй аховы плянуюць гіганцкую вячэрніцу. Паводле Паўла Гештаўта, унікальнае буйное паселішча гэтага віду кажаноў нядаўна знайшлі ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці.
Што да птушак, з Чырвонай кнігі выключаць аўдотку як від, які ўжо не жыве на тэрыторыі Беларусі (раней фіксаваўся на тэрыторыі Брагінскага і Хойніцкага раёнаў, зьнік таксама на тэрыторыі Паўночнай Украіны).
Уключыць у Чырвоную кнігу прапануюць заходні падвід глушца (другая катэгорыя аховы), звычайную галубку (чацьвёртая катэгорыя), махнаногага сыча (чацьвёртая катэгорыя); зьмяніць ахоўны статус для малога бугая і арлана-белахвоста (з другой на трэцюю катэгорыю), драча, дамавога сыча і залацістай шчуркі (з трэцяй на чацьвёртую).
Сярод касьцістых рыб прапануюць панізіць статус аховы ручаёвай стронгі з другой катэгорыі да трэцяй, і павысіць — гальяна азёрнага з трэцяй да першай катэгорыі.
З Чырвонай кнігі Беларусі таксама прапануюць выключыць 11 відаў насякомых, уключыць 17 і зьмяніць ахоўны статус для 25 відаў.
Кансультант упраўленьня біялягічнай і ляндшафтнай разнастайнасьці Мінпрыроды Тацяна Жалязнова пацьвердзіла раней агучаную ведамствам інфармацыю, згодна зь якой на гэтым этапе ў пятае выданьне Чырвонай кнігі Беларусі ў 2025 годзе плянуюць уключыць 305 відаў расьлін (у дзейнай рэдакцыі — 303) і 211 відаў жывёл (203).
Першая катэгорыя нацыянальнай прыродаахоўнай значнасьці ўстанаўліваецца для дзікіх жывёл і дзікарослых расьлін з найбольш высокай рызыкай зьнікненьня, чацьвёртая — для тых, колькасьць якіх «схільная да ваганьняў».
19 кастрычніка 2022 году старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, былы міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч выказаў меркаваньне, што «з пункту гледжаньня прыродаахоўнай дзейнасьці Чырвоная кніга — рудымэнтарны інструмэнт».
Форум