Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі затрымалі прарасейскага актывіста Арцёма Агафонава


Арцём Агафонаў, архіўнае фота
Арцём Агафонаў, архіўнае фота

Пра затрыманьне прарасейскага актывіста Арцёма Агафонава паведаміла ягоная паплечніца, віцебская прарасейская актывістка Эльвіра Мірсалімава. Паводле яе, Агафонаву пагражае адміністрацыйны арышт.

Паводле Мірсалімавай, Агафонава затрымалі і, «хутчэй за ўсё, адправяць на „суткі“ ў ізалятар». Яна мяркуе, што актывіста затрымалі «па даносе таго ж самага змагара, заўкраінца-русафоба», паводле чыйго «даносу» асудзілі і яе. За што менавіта затрымалі Агафонава і ў чым яго абвінавачваюць, актывістка не паведаміла.

Беларус Зьміцер Карняенка апублікаваў у Фэйсбуку адказ яму з УУС Магілёўскага аблвыканкаму ад 22 жніўня, у якім гаворыцца, што ў дзеяньнях Агафонава ў Facebook «угледжваюцца прыкметы адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага ч. 2 арт. 19.11 КаАП», заўважыла «Люстэрка». Гэты артыкул азначае «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама яе выраб, захоўваньне і інш.».

Арцём Агафонаў — прарасейскі актывіст, сустаршыня беларускай прарасейскай ініцыятывы «Гражданское согласие», дырэктар асьветніцкай установы «Согласие-Медиа». Не хавае сваіх прарасейскіх поглядаў і супрацоўніцтва са структурамі, зьвязанымі са спэцслужбамі Расеі.

Раней Агафонаў падпісаў зварот з просьбай забараніць дэманстрацыю бел-чырвона-белага сьцяга як «сьцяга паліцаяў» і прыраўняць яго на заканадаўчым узроўні да нацысцкай сымболікі, а таксама прыняць «георгіеўскую стужку» ў якасьці афіцыйнага сымбалю сьвяткаваньня Дня Перамогі. Ён удзельнічаў у адпраўцы беларускіх дзяцей у лягер ФСБ праз партнэрскую арганізацыю СТАА «Ірыда» і расейскі УПЦ «Вымпел».

У чэрвені Агафонаў напісаў артыкул, дзе заявіў пра перасьлед прарасейскіх актывістаў у Беларусі і абурыўся судом над былым дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, сталіністам і даносчыкам Мікалаем Петрушэнкам, якому прысудзілі 10 дзён арышту за рэпосты. У зьняволеньні ў Петрушэнкі адкрылася прабадная язва.

  • Віцебская прарасейская актывістка Эльвіра Мірсалімава ў сакавіку 2024 году адседзела двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня за перадрук паста расейскага прапагандыста Ўладлена Татарскага, які загінуў у Санкт-Пецярбургу пры выбуху ў кавярні. Пасьля Мірсалімаву судзілі за «адзіночны пікет з БЧБ» і прысудзілі штраф 2600 беларускіх рублёў — як сьцьвярджае сама актывістка, падставай сталі яе пасты з ілюстрацыямі да «антыбчб-шных артыкулаў».
  • У траўні у Віцебску таксама асудзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» 74-гадовага прарасейскага актывіста Аляксандра Андрэйкава.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG