Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Судаленку міліцыя абвясьціла ў вышук. Ён адказаў з эміграцыі


Леанід Судаленка, архіўнае фота
Леанід Судаленка, архіўнае фота

Праваабаронцу асудзілі завочна, у парадку спэцыяльнага вядзеньня.

Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясьцілі ў вышук у Беларусі, ягонае фота зьявілася на гомельскіх стэндах «Іх расшуквае міліцыя».

Пры гэтым праваабаронца падчас сьледзтва і падрыхтоўкі да судовага працэсу камунікаваў з пракуратурай і гомельскім судом, не хаваючы свайго цяперашняга месца жыхарства за мяжой, паведамляе «Вясна».

У Гомельскім абласным судзе 17 чэрвеня завяршыўся завочны суд над былым палітвязьнем, юрыстам і праваабаронцам Леанідам Судаленкам.

Новая крымінальная справа ў фармаце спэцвядзеньня (завочна) была заведзеная на яго ў лістападзе 2023 году. Леаніда абвінавацілі па частках 1 і 2 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу. Яму завочна прысудзілі 5 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам.

Камэнтуючы зьяўленьне ў Гомлі арыентыровак на сябе, Леанід Судаленка адзначыў:

«Рэпрэсіі супраць мяне як праваабаронцы пачаліся за абарону і дапамогу пратэстоўцам 2020 году. Тады беларусы па ўсёй краіне выйшлі абараняць Канстытуцыю, а рэжым адказаў небывалым гвалтам і рэпрэсіямі. У выніку закрытага і несправядлівага суду мяне таксама кінулі ў турму.

На волі я ня змоўк, стаў публічным, каб тэма рэпрэсій, умоваў утрыманьня палітвязьняў у беларускіх турмах як мага шырэй разыходзілася па сьвеце. І ў адказ новыя крымінальныя абвінавачаньні і новы турэмны тэрмін. Як і іншых, хто выехаў з краіны зь меркаванняў бясьпекі і відавочных палітычных рэпрэсій, мяне абвясьцілі ў вышук. Гэта значыць, у выпадку вяртаньня мяне тут жа арыштуюць зь вялікай рызыкай падвергнуць катаваньням, жорсткаму, бесчалавечнаму і зьневажальнаму абыходжаньню.

І наш адказ павінен быць наступны: нас ня трэба шукаць, вярніце ў краіну канстытуцыйную законнасьць, і разам зь ёй вернемся і мы. Барацьба за свабоду, правы чалавека і дэмакратыю не заканчваецца ніколі!».

Леанід Судаленка — трэці праваабаронца, каго ўлады Беларусі абвясьцілі ў вышук. Раней арыентыроўкі развешвалі на праваабаронцу Ігара Казмерчака з Воршы і Алену Масьлюкову са Сьветлагорску.

У лістападзе 2021 году Судаленку асудзілі на 3 гады зьняволеньня. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня 2023 году, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі яго ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасьля вызваленьня ён выехаў зь Беларусі. Неўзабаве на яго завялі новую крымінальную справу.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);

Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG