Дэфіцыт кадраў у Беларусі закрануў і сфэру адукацыі. Перад пачаткам новага навучальнага году ў агульнарэспубліканскай базе вакансій 928 месцаў для настаўнікаў.
Прапанаваныя заробкі рэдка перавышаюць 1000 рублёў. Напрыклад, настаўніку гісторыі на поўную стаўку ў школе Скідзеля прапануюць 950 рублёў — гэта ў 2,5 раза ніжэй за афіцыйны сярэдні заробак па Беларусі (2355,1 рубля ў ліпені).
У менскай школе настаўніку пачатковых клясаў прапануюць на стаўку да 1000 рублёў. Гэта пры сярэднім заробку ў сталіцы 3103,5 рубля, або ў 3,1 раза менш.
У адной зь менскіх гімназій шукаюць адразу трох спэцыялістаў — настаўнікаў фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі, абяцаюць да 3000 рублёў на рукі. І гэта адзін з самых высокіх заробкаў для настаўнікаў, што мы знаходзім.
Пэдагогаў трэба яшчэ больш — 1977 вакансій. Гэта пэдагогі-арганізатары, псыхолягі, сацыяльныя пэдагогі.
Напрыклад, пэдагогу-арганізатару ў Маларыцкай сярэдняй школе прапануюць на стаўку 776 рублёў 18 капеек, або ўтрая менш за сярэдні заробак па Беларусі.
Пэдагогу-арганізатару ў школе ў Вілейцы абяцаюць 750 рублёў на месяц.
Два гады таму напярэдадні навучальнага году вакансій для настаўнікаў было на 200 менш — 730. А летась у сьнежні наогул было толькі 467 вольных такіх месцаў.
«Заробак — асноўная прычына звальненьня»
Былая настаўніца на ўмовах ананімнасьці расказала Свабодзе, што заробкі ў сфэры адукацыі найчасьцей і становяцца прычынай звальненьня для спэцыялістаў. Застаюцца ў сфэры тыя, каму пашанцавала з калектывам і кіраўніцтвам.
«Праблема з кадрамі ў адукацыі заўсёды была. Бо заробкі ніякія, і часта маладыя спэцыялісты сыходзяць адразу пасьля адпрацоўкі. Шмат для каго заробак — асноўная прычына для звальненьня. Я са старту зарабляла 680–700 рублёў у ліцэі. Але ў школах, кажуць, заробкі вышэйшыя. Акрамя заробку, цяпер на сыход уплывае палітычная сытуацыя і пазыцыя», — расказала суразмоўца.
Свабода распытала і некалькіх бацькоў, чые дзеці навучаюцца ў школах у Беларусі. Некаторыя зь іх таксама адчулі недахоп настаўнікаў. Адна з суразмоўцаў расказала, што летась у менскай школе ў іх клясе пастаянна мяняліся настаўнікі па некаторых прадметах, а па некаторых іх пэрыядычна не было.
Выхавальнікі — 1379 вакансій
У агульнарэспубліканскай базе вакансій перад навучальным годам 1379 вакансій для выхавальнікаў. У асноўным гэта супрацоўнікі дзіцячых садкоў.
Напрыклад, у Віцебску выхавальніку дзіцячага садку на поўную стаўку прапануюць 900 рублёў. Гэта ў 2,6 раза менш за сярэдні заробак. Прычым патрэбны спэцыяліст з вышэйшай адукацыяй.
У Бабруйску ў дзіцячым садку выхавальніку абяцаюць 700 рублёў, гэта ўтрая менш за сярэдні заробак. Дастаткова сярэдняй спэцыяльнай адукацыі.
Два гады таму перад навучальным годам шукалі 758 выхавальнікаў, або амаль удвая менш.
Выкладчыкі — 556 вакансій
Таксама перад навучальным годам шукаюць выкладчыкаў у ВНУ і сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. Агулам такіх вакансій — 556.
Выкладчыку спэцыяльных дысцыплін у Капыльскім дзяржаўным каледжы на стаўку абяцаюць 1500 рублёў.
Выкладчыку кітайскай мовы ў БДУ абяцаюць 750 рублёў, і гэта павінен быць носьбіт кітайскай мовы.
У Горадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы шукаюць старшага выкладчыка на заробак 1085 рублёў. Трэба мець ступень магістра.
«Ні грошай, ні прэстыжу»
Экспэрт у адукацыі, навуцы і інавацыях Андрэй Лаўрухін зважае, што недахоп кадраў у школах і садках прывядзе да зьніжэньня ўзроўню адукацыі. А такая колькасьць вакансій сьведчыць пра тое, што ўстановы адукацыі ня могуць вырашыць кадравую праблему сваімі сіламі — даць дадатковыя гадзіны тым настаўнікам, якія ўжо працуюць.
«Калі зьяўляецца столькі абвестак — гэта ўжо крык аб дапамозе. Гэта значыць, установы ня могуць закрыць праблему сваім кадравым патэнцыялам. Значыць, у школы будуць прыходзіць людзі без адукацыйнага досьведу. Можа і ня быць адпаведнай адукацыі. Асабліва гэта праблема для дзіцячых садкоў, дзе і так заўжды цяжка з кадрамі. А там трэба асаблівае навучаньне», — мяркуе экспэрт.
Таксама экспэрт зважае, што заробкі ў сфэры адукацыі вельмі невысокія, а пасьля 2020 году і выбараў нашмат зьнізіўся прэстыж прафэсіі настаўніка.
«Каб у школы ламануўся народ — трэба значна больш грошай. Напрыклад, у Літве настаўнікі атрымліваюць столькі ж, колькі выкладчыкі ў ВНУ. А цяпер у выкладчыкаў усіх устаноў адукацыі заробкі меншыя, чым агулам па краіне. Людзі, якія працуюць у адукацыі, — у дыскрымінаваным стане. Гэта не матывуе туды ісьці. Людзі ідуць туды не з прычыны пазытыўнай матывацыі», — зважае экспэрт.
На думку Андрэя Лаўрухіна, для супрацоўнікаў адукацыйнай сфэры, апроч матывацы грашыма, павінна быць матывацыя разьвіцьця: сацыяльныя бонусы, павага з боку грамадзтва. І гэтага цяпер няма.
Форум