Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ВНУ сёлета недабралі 870 студэнтаў. Якія спэцыяльнасьці самыя незапатрабаваныя


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускі нацыянальна-тэхнічны ўнівэрсытэт
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Беларускі нацыянальна-тэхнічны ўнівэрсытэт

Сёлета беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы недабралі 870 студэнтаў, пры гэтым каля 500 зь іх — на сельскагаспадарчыя спэцыяльнасьці і каля 120 — на спэцыяльнасці інжынэрнага-тэхнічнага профілю.

Такія лічбы на рэспубліканскай пэдагагічнай радзе 27 жніўня назваў міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец у адказ на пытаньне Аляксандра Лукашэнкі пра недабор у ВНУ.

Лукашэнка на гэта абурыўся, што ва ўрадзе увесь час гавораць пра наяўнасьць праблемы недабору ў ВНУ, а на нарадзе пра яе нават не згадалі.

«А як заўтра карміцца будзем? — спытаў у прысутных Лукашэнка. — Ледзь не заганяем у ВНУ (...) Дык чаму ў моладзі няма павагі да сельскагаспадарчых ВНУ? Таму што там брудна і пахі, ці, можа, ВНУ вінаватыя, што мы маем недабор? (...) Я паважаю сваю першую прафэсію гісторыка, юрыста і гэтак далей. (...) А як без інжынэраў будзем? Юрысты, гісторыкі і электрамабіль ня створаць, і атамную станцыю не пабудуюць», — заявіў ён.

Цікава, што словы Іванца разыходзяцца з заявай намесьніка міністра адукацыі Аляксандра Бахановіча: той на прэс-канфэрэнцыі 7 жніўня паведаміў, што ВНУ «выканалі плян па наборы». Таксама, паводле чыноўніка, упершыню за шмат гадоў у Беларусі не аб'яўлялі дадатковага набору на бюджэтныя месцы.

У топ-5 самых запатрабаваных спэцыяльнасьцяў сярод студэнтаў сёлета ўвайшлі «сусьветная эканоміка» (БДУ, прахадны бал — 395), «стаматалёгія» (БДМУ, 395), «праграмная інжынэрыя» (БДУІР, прахадны бал — 395), «эканамічная інфарматыка» (БДУ, прахадны бал — 394), «прыкладная інфарматыка» (БДУ, прахадны бал — 391).

  • У Беларусі працягвае расьці недахоп працоўнай сілы. Паводле стану на 27 жніўня, на момант публікацыі артыкула, у агульнарэспубліканскім банку вакансіяў было 163 786 прапановаў працы, пры гэтым рэзюмэ тых, хто шукае працу, — усяго 13 103.
  • Так, у банку вакансіяў амаль 6 тысяч прапановаў працы па пошуку «інжынэр». Што тычыцца сельскагаспадарчых спэцыяльнасьцяў, на 27 жніўня ў банку вакансіяў больш за 3,8 тысячы прапановаў працы для трактарыстаў, амаль 1,8 тысячы — для жывёлаводаў, 652 — для заатэхнікаў, 425 — для аграномаў, 123 — для мэханізатараў і інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG