Агулам за студзень-чэрвень 2024 году ў Беларусі, паводле статыстыкі Белстату, прынялі на працу 279,86 тысячы чалавек. Пры гэтым прадпрыемствы звольнілі 317,18 тысячы чалавек. Варта адзначыць, што ў справаздачу Белстату ня ўключаныя мікра- і малыя прадпрыемствы бязь ведамаснай падпарадкаванасьці.
У першым паўгодзьдзі 2024 году больш уладкоўвалі на працу, чым звальнялі, у горназдабыўнай прамысловасьці (381), у сфэры паслуга па часовым пражываньні і харчаваньні (1453), інфармацыі і сувязі (74).
Больш звальнялі, чым уладкоўвалі на працу ў сфэрах аховы здароўя (-5425), адукацыі (-9367), дзяржаўнага кіраваньня (-531), транспарту і лягістыкі (-3157), гандлю і рамонту аўтамабіляў, матацыклаў (-7752), у будаўніцтве (- 1150), апрацоўчай прамысловасьці (-3786), сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы (-1863).
У Беларусі апошнім часам назіраецца вялікі недахоп кадраў. У агульнарэспубліканскай базе вакансій на сёньня амаль 163,5 тысяч абвестак — столькі спэцыялістаў шукаюць у Беларусі. Рэзюмэ ў гэтым жа банку толькі 12 948 тысяч. Толькі за мінулы тыдзень у базу дадаліся 11,6 тысяч вакансій. Нястача кадраў у Беларусі закранула нават чыноўнікаў.
- Паводле Белстату, узровень беспрацоўя ў працаздольным узросьце ў другім квартале 2024 году склаў 3%. Беспрацоўнымі зьяўляюцца 3,3% мужчын (3,5%) і 2,7% жанчын (3%).
- Узровень занятасьці насельніцтва ў працаздольным узросьце склаў 84,2% (у мінулым квартале — 84,3%), у тым ліку сярод жанчын — 85,3%, мужчын — 83,3%; сярод гарадзкога насельніцтва — 84,5%, вясковага — 83,3%.
- Паводле зьвестак Белстату, у беларускай эканоміцы ў траўні 2024 году было занята 4 млн 112,2 тыс. чалавек — на 0,4% менш (-16,9 тыс.), чым у студзені 2024, і на 0,9% менш, чым у траўні 2023-га (-38,5 тыс.).
- У кастрычніку 2023 году дасьледчы цэнтар Beroc рабіў маніторынг становішча малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі. Больш за 40% апытаных рэспандэнтаў назвалі «нястачу пэрсаналу» галоўным фактарам, які перашкаджае разьвіцьцю кампаніі. Дэфіцыт кадраў у Беларусі працягвае расьці, найбольш бракуе сьлесараў, дактароў, інжынэраў, будаўнікоў.
Форум