Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр футбольны трэнэр Свэн-Ёран Эрыксан. Ён хварэў на рак і асабіста разьвітаўся з кожнай камандай, у якой працаваў


Свэн-Ёран Эрыксан
Свэн-Ёран Эрыксан

На 76-м годзе жыцьця памёр адзін з найлепшых трэнэраў сьвету канца ХХ стагодзьдзя.

Трэнэр апошнія гады змагаўся з ракам. За папярэднія месяцы ён наведаў Рым, Лісабон, Геную, Гётэборг і іншыя гарады, у якіх працаваў. Паўсюль атрымліваў авацыі фанатаў і выступаў з прамовай да іх.

Эрыксан прызнаваўся, што здароўе не дазваляе яму якасна займацца спортам, як раней, але спрабаваў рабіць практыкаваньні. Мэдыкі сказалі, што апэрацыю ў ягоным выпадку ўжо рабіць нельга.

У футбольным сьвеце Свэн-Ёран Эрыксан упершыню праславіўся ў 80-х, калі з «Гётэборгам» заваяваў ня толькі чэмпіёнскае званьне і Кубак Швэцыі, але і Кубак УЭФА. Дзякуючы ашаламляльнаму эўрапейскаму посьпеху са швэдзкім клюбам, які не разглядаўся як гранд, талент Эрыксана заўважылі за мяжой і ў 1982-м запрасілі працаваць зь лісабонскай «Бэнфікай». Пры швэду партугальскі клюб зноў вярнуўся ў лік найлепшых у Эўропе, дайшоў да фіналу Кубка УЭФА 1983 году. На ўнутранай арэне былі два залатыя мэдалі чэмпіянату Партугаліі.

Пасьля ня самых удалых сэзонаў у Італіі з «Ромай» і «Фіярэнтынай» Эрыксан вярнуўся ў «Бэнфіку», якую зноў давёў да фіналу эўракубка, гэтым разам Кубка чэмпіёнаў. Затым было вяртаньне ў Італію і заваяваньне кубка краіны з генуэскай «Сампдорыяй».

Пасьля адбыўся прыход у іншы рымскі клюб — «Ляцыё» (раней Эрыксан трэнаваў «Рому»), і зь ім у швэда аказаўся зьвязаны адзін з найбольш пасьпяховых пэрыядаў у кар’еры. Каманда стала ўладальніцай эўрапейскіх Кубка кубкаў і двух Супэркубкаў Эўропы, а на ўнутранай арэне ўпершыню за 30 гадоў стала чэмпіёнам Італіі, таксама здабыла два кубкі і два супэркубкі краіны. Свэн-Ёран Эрыксан — найбольш пасьпяховы трэнэр «Ляцыё» за ўсю больш як 120-гадовую гісторыю клюбу.

Перасякаўся Эрыксан і зь беларусамі. У канцы 90-х — пачатку нулявых у эўракубках ягоны «Ляцыё» супрацьстаяў кіеўскаму «Дынама», а лідэрам украінскага клюбу тады быў беларус Валянцін Бялькевіч.

Пасьля гэтага Эрыксан узначальваў яшчэ шэраг нацыянальных зборных і клюбаў, працаваў і на пасадах спартовага дырэктара. Самым вядомым месцам працы стала зборная Ангельшчыны — швэд стаў першым замежным трэнэрам у гісторыі «айцоў футболу». Ён тройчы даводзіў зборную да ¼ фіналу на топ-турнірах, але пакінуў каманду праз скандал з журналістамі, якія, як высьветлілася, праслухоўвалі ягоныя тэлефонныя перамовы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG