Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволеная беларуская журналістка Ларыса Шчыракова атрымала міжнародную прэмію Free Media Awards


Журналістка Ларыса Шчыракова, архіўнае фота
Журналістка Ларыса Шчыракова, архіўнае фота

Узнагароды Free Media Awards за 2024 год уручаць 6 журналістам і СМІ зь Беларусі, Грузіі, Украіны, Азэрбайджану, Расеі і, упершыню, Вугоршчыны, паведамляе БАЖ. Сярод ляўрэатаў — гомельская журналістка Ларысы Шчыракова, якая цяпер за кратамі ў Беларусі.

Цырымонія ўручэньня прэмій пройдзе 17 верасьня 2024 году ў Нарвэскім Нобэлеўскім інстытуце, абвясьцілі заснавальнікі прэміі нямецкі фонд Zeit-Stiftung і нарвэскі фонд Fritt Ord. Беларуская журналістка Ларыса Шчыракова атрымае прэмію Free Media Award за сваю «доблесную і незалежную дзейнасьць у Беларусі». Цяпер яна знаходзіцца за кратамі ў Беларусі як палітычная зьняволеная.

«Як журналіст-фрылансэр Ларыса Шчыракова зьвярнула ўвагу на забытыя ахвяры сталінскага прыгнёту. Зьняла дакумэнтальны фільм „Забітыя і забытыя“, у якім задакумэнтавала гісторыі сваякоў рэпрэсаваных дысідэнтаў.

Ларыса Шчыракова была апорай для журналістаў-фрылансэраў на Гомельшчыне, яна ўпарта працавала на міжнародным узроўні, каб зрабіць працу журналіста-фрылансэра ў Беларусі легальнай. Яна сама была першай журналісткай-фрылансэркай у Беларусі, якую аштрафавалі нібыта за „працу на замежнае СМІ“. Ларыса Шчыракова адважна асьвятляла, як у Беларусі змагаліся з пандэміяй і пратэстамі пасьля яе», — гаворыцца ў паведамленьні нямецкага фонду Fritt Ord, які зьяўляецца адным з заснавальнікаў прэміі.

Прэмію таксама атрымаюць:

  • Грузінская журналістка Настасься Арабулі, за сваю адважную незалежную журналістыку.
  • Журналісцкі калектыў Bihus.Info з Украіны за свае паглыбленыя, крэатыўныя расьсьледаванні карупцыі і дакладнае дакумэнтаванне ваенных злачынстваў, у тым ліку з фронту.
  • Журналіст і рэдактар Сабалч Пані з Вугоршчыны, за сваю унікальную, нястомную расьсьледніцкую журналістыку.
  • Незалежная азэрбайджанская навіновая плятформа Abzas Media, за сваю рашучую, сыстэматычную расьсьледніцкую журналістыку.
  • Расейскі журналіст, рэдактар і выдавец Міхаіл Афанасьеў, за свае бескампрамісныя, адважныя рэпартажы зь Сібіру ў Расеі.

Free Media Awards — нямецка-нарвэская прэмія для журналістаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Зацьверджаная ў 2000 годзе нямецкім фондам Zeit-Stiftung і нарвэскім фондам Fritt Ord.

Усіх кандыдатаў вылучылі міжнародныя інстытуты і арганізацыі, якія дзейнічаюць ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, або экспэрты па рэгіёне. Міжнароднае журы выбрала ляўрэатаў прэміі.

  • Восеньню 2023 году гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову асудзілі на тры з паловай года зьняволеньня ў калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Паводле матэрыялаў справы, Шчыракова нібыта зьмясьціла ў інтэрнэце зьвесткі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь. Таксама яе абвінавацілі ў «зборы, стварэньні, апрацоўцы, захоўваньні і перадачы інфармацыі для «Вясны» і «Белсату».
  • Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў Беларусь вінаватай у парушэньні правоў Ларысы Шчыраковай на законнае права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, замацаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
  • У канцы верасьня 2023 году журналістку этапавалі з гомельскага СІЗА ў жаночую папраўчую калёнію № 4, дзе яна працуе швачкай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG