Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім порце «Каўказ» у Краснадарскім краі пасьля ракетнага ўдару затануў паром з палівам

абноўлена

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Расейскі порт «Каўказ»
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Расейскі порт «Каўказ»

22 жніўня ў тэлеграм-канале апэратыўнага штабу Краснадарскага краю зьявілася паведамленьне, што ў порце «Каўказ» быў атакаваны чыгуначны паром з паліўнымі цыстэрнамі, у выніку чаго ўзьнік пажар.

Ведамства абвінаваціла ў атацы Ўкраіну. На месца пажару накіравалі пажарны цягнік, для яго ліквідацыі прыцягнулі 101 чалавека і 34 адзінкі тэхнікі.

Пазьней у Апэратыўным штабе Краснадарскага краю паведамілі, што «ў выніку атрыманых пашкоджаньняў паром у акваторыі порта „Каўказ“ затануў».

«Ачагоў узгараньня на тэрыторыі самога порта няма», — адзначылі ў ведамстве.

З патанулага парома выратавалі 17 чалавек, яшчэ дваіх чальцоў экіпажа шукаюць.

«На цяперашні момант выратавалі 17 чальцоў экіпажу. Апэрацыя па выратаваньні астатніх працягваецца — неабходна знайсьці яшчэ двух чалавек», — паведаміў губэрнатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў.

Пры гэтым расейскія ўлады дасюль афіцыйна не паведамілі назву судна.

Раней 22 жніўня ўкраінскія і расейскія крыніцы паведамілі пра меркаваныя ракетныя ўдары па раёне паромнай пераправы з Краснадарскага краю ў анэксаваны Крым.

Шэраг тэлеграм-каналаў, у прыватнасьці «Осторожно, новости», публікуюць відэа дыму, які ўздымаецца, як сьцьвярджаецца, у раёне паромнай пераправы.

Паводле зьвестак тэлеграм-каналу SHOT, украінская ракета «Нептун» трапіла ў прышвартаванае судна. Пацьвярджэньняў гэтай інфармацыі пакуль няма.

Днём 22 жніўня быў перакрыты рух па Керчанскім мосьце і рух воднага пасажырскага транспарту ў бухце Севастопаля.

Украінскія ўлады пакуль не камэнтавалі выбухі ў порце «Каўказ».

Украінскія вайскоўцы рэгулярна наносяць ракетныя ўдары па аб’ектах у Крыме. Пад удары ў апошні час трапляла і паромная пераправа, якая, як сьцьвярджаецца, выкарыстоўваецца для ваенных перавозак у Крым.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG