На электронным аўкцыёне «БелЮрЗабесьпячэньня» 21 жніўня прадалі матацыкл палітвязьня Эдуарда Бабарыкі, сына Віктара Бабарыкі, піша «Люстэрка». Таргі за ягоны аўтамабіль працягваюцца.
Пра тое, што транспарт выставілі на аўкцыён, стала вядома ў канцы ліпеня. Маёмасьць арыштавалі сьледчыя органы — упраўленьне ДФР Камітэту дзяржкантролю.
За матацыкл Suzuki VX 800 1992 году выпуску таргаваліся чатыры ўдзельнікі. Аўкцыён пачаўся з 5100 беларускіх рублёў, стаўкі неаднаразова падвышаліся. У выніку матацыкл прадалі за 7660 рублёў.
У таргах за аўтамабіль Mercedes-Benz GLC 300 2019 году выпуску, які таксама належаў Эдуарду Бабарыку, удзельнічаюць тры чалавекі. Таргі пачаліся з 118 000 рублёў, стаўкі неаднойчы падвышаліся. Апоўначы аўкцыён скончыўся, аўтамабіль прадалі за 138 650 рублёў.
- Эдуарда Бабарыку затрымалі разам з бацькам Віктарам Бабарыкам, з 18 чэрвеня 2020 году яго ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ.
- 5 ліпеня 2023 году Эдуарда Бабарыку прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 243, ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342, ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК («Ухіленьне ад выплаты падаткаў»; «Аказаньне дапамогі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»; «Аказаньне дапамогі ў арганізацыі наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне варожасьці паводле прыкметы сацыяльнай прыналежнасьці») і прысудзілі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 185 000 рублёў.
- У ліпені 2024 году Эдуарда Бабарыку судзілі зноў, яго прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі (ч. 2 арт. 411 КК Беларусі) і дадалі яшчэ 2 гады зьняволеньня.
Форум