У выніку аўкцыёну аб’ект купілі за 331 647 рублёў, заўважыла «Люстэрка».
Аўкцыён па продажы ўчастка стартаваў з 152 695 рублёў. У таргах бралі ўдзел пяць чалавек.
Участак плошчай 0,75 га ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёну (гэта каля 20 км ад МКАД) належаў палітвязьню Віктару Бабарыку. Маёмасьць раней арыштавалі сьледчыя органы.
Зямля знаходзіцца ў водаахоўнай зоне вадасховішча Вяча, яна прызначалася для вядзеньня асабістай падсобнай гаспадаркі.
Раней праз аўкцыёны прадалі іншую маёмасьць Віктара Бабарыкі, у тым ліку аўтамабіль і гадзіньнікі.
Зямельны ўчастак экс-банкіра — самы дарагі актыў з тых, што адабралі ў палітвязьняў і выставілі на продаж. Калі браць апанэнтаў Лукашэнкі ў цэлым, то даражэй прадалі толькі кватэру Валера і Веранікі Цапкалаў — амаль за 400 тысяч рублёў.
- Экс-старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка 12 траўня 2020 году заявіў, што будзе балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбыліся ў той год у жніўні. Да моманту рэгістрацыі кандыдатаў Бабарыка затрымалі. У рэгістрацыі яму адмовілі на падставе інфармацыі зь ліста Камітэту дзяржкантролю.
- 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд прысудзіў Віктару Бабарыку 14 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, арганізаваным групай, а таксама ва ўчыненьні фінансавых апэрацыяў са сродкамі, атрыманымі заведама злачынным шляхам. Віктар Бабарыка на судзе сваёй віны не прызнаў.
Форум