Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 40 беларускіх турыстаў з грэцкім «шэнгенам» затрымалі ў Нямеччыне. Ім пагражае дэпартацыя


Ілюстрацыйнае фота. Шэнгенская віза
Ілюстрацыйнае фота. Шэнгенская віза

Каля 40 турыстаў, якія ехалі ў Гішпанію з грэцкімі шэнгенскімі візамі, затрымалі ў Нямеччыне, папярэдне — за парушэньне правілаў выкарыстаньня візаў, паведамляе выданьне «Люстэрка». Цяпер беларусам пагражае дэпартацыя і магчымая забарона на ўезд у ЭЗ.

Як расказалі «Люстэрку» некалькі крыніц, каля 60 беларускіх турыстаў адправіліся на аўтобусе ў тур ад фірмы Interlux. Як пазначана на сайце фірмы, выезд адбыўся 19 жніўня зь Менску, пункт прызначэньня — Гішпанія. Фактычна аўтобус выехаў зь Беларусі ў Латвію (каб аб’ехаць чэргі), пасьля перасёк тэрыторыю Польшчы — у гэтых краінах праблемаў ня ўзьнікла. Далей ён накіраваўся ў Нямеччыну.

На мяжы Польшчы зь Нямеччынай быў пашпартны кантроль. Паводле крыніц выданьня, пасьля яго затрымалі каля 40 чалавек. З аўтобуса зьнялі тых беларусаў, у каго была першая паездка па грэцкай шэнгенскай візе. Тыя, для каго ўезд быў паўторны, змаглі працягнуць падарожжа. Затрыманых зьмясьцілі ў паліцэйскі ўчастак у горадзе Франкфурт-на-Одэры, яны там ужо больш за содні.

Паводле крыніцы выданьня, грэцкія візы падарожнікам дапамагла аформіць турфірма, «бо толькі іх і было рэальна атрымаць». За гэта яны плацілі 400 рублёў.

У турфірме Interlux журналістцы «Люстэрка», якая патэлефанавала туды як звычайная грамадзянка, пацьвердзілі, што турыстаў сапраўды затрымалі, і сказалі, што кампанія зь імі на сувязі. Паводле крыніцы выданьня, турфірма актыўна імкнецца дапамагчы затрыманым і паабяцала пакрыць усе грошы за сапсаваны адпачынак.

У амбасадзе Беларусі ў Нямеччыне таксама пацьвердзілі інфармацыю пра затрыманьне беларускіх турыстаў і сказалі, што «займаліся гэтым пытаньнем», і нямецкая паліцыя паабяцала, што «да вечара ўсіх адпусьцяць». Па іншыя падрабязнасьці параілі зьвярнуцца да консула.

Консул пацьвердзіў, што затрымалі беларусаў, якія мелі першы ўезд па грэцкай візе.

«У каго была першая паездка, тых зьнялі. З 62 чалавек больш за 20 паехалі далей, — сказаў ён. — Выявілі прынцыповасьць немцы».

На пытаньне журналісткі, як нямецкая паліцыя вызначыла, што гэта нямэтавы ўезд і турысты, напрыклад, не накіроўваюцца ў Грэцыю, консул патлумачыў, што яны праверылі дакумэнты кіроўцаў, а таксама апыталі пасажыраў, і тыя «шчыра сказалі, што едуць у Гішпанію».

Паводле консула, цяпер беларусаў павінны дэпартаваць.

«Візы анулююць і дэпартуюць. Ня ведаю (трэба будзе потым удакладняць), з забаронай на ўезд ці не. Але нам паліцыя напісала, што візы ануляваныя. Сёньня ўвечары турфірма аўтобус ім дасьць і іх у Беларусь адвязе», — паведаміў консул.

Паводле яго, на запыт беларускага боку аб прычынах затрыманьня ў нямецкай паліцыі патлумачылі, што «палічылі гэта ўездам не па прызначэньні і адказалі, што гэтыя дзеяньні падпадаюць пад крымінальны перасьлед».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG