Пра гэта расказала выданьню CityDog.io візавая экспэртка і аналітык visastat.me Анастасія Лысакоўская.
Літва, Чэхія, Эстонія і Латвія прыпынілі выдачу турыстычных візаў беларусам яшчэ ў 2022 годзе. Атрымаць турыстычную шэнгенскую візу сёньня можна ў Францыі, Італіі, Нямеччыне, Грэцыі, Гішпаніі, Вугоршчыне, Баўгарыі, Харватыі, Румыніі, Польшчы, Нідэрляндах, Бэльгіі і Швайцарыі. Прычым першыя тры краіны з гэтага сьпісу лідзіруюць па выдачы шэнгенскіх візаў беларусам.
На італьянскую візу дакумэнты падаюць па жывой чарзе, чакаць трэба каля 4 месяцаў.
«Падаваць дакумэнты ў Італію рэкамэндую тым, у каго добрая візавая гісторыя: ёсьць шанец атрымаць больш працяглы „шэнген“. Вялікай перавагай пры запыце візы на год і больш будзе доказ, што раней вы ўжо бывалі ў Італіі. Ведаю, што некаторыя нават фатаздымкі з вандровак прымацоўваюць да дакумэнтаў», — растлумачыла візавая экспэртка і аналітык visastat.me Анастасія Лысакоўская.
Вугоршчына і Гішпанія выдаюць візы як на доўгі тэрмін, так і на адну паездку. Па словах экспэрткі, разгляд заяўкі на гішпанскую візу займае 45 дзён. Вугоршчына просіць даць аплату гатэля, але працэнт адмовы па заяўках складае 2–3%.
«Прычыны для „не“ дастаткова стандартныя: не абгрунтаваная мэта знаходжаньня альбо недастаткова грошай, каб знаходзіцца ў краіне», — удакладніла экспэртка.
Найбольш у візах беларусам адмаўляюць Грэцыя і Польшча, паведаміла экспэртка. Пры падачы на польскую турыстычную візу неабходна мець аплачаную браню гатэля і маршрутны ліст — плян паездкі зь месцамі, дзе заяўнікі зьбіраюцца пабываць.
Новыя краіны для атрыманьня турыстычных шэнгенскіх візаў — Баўгарыя, Харватыя і Румынія. У Харватыю візы выдаюць найчасьцей пад адну паездку або на месяц.
Форум