Пра вызваленьне праваабаронцы «Вясны» даведаліся ад калег Васіля. Васіль Берасьнеў — лідэр аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП, выканаўца абавязкаў старшыні рэспубліканскай арганізацыі РЭП. Судзьдзя Анастасія Папко прызначыла яму 9 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Яшчэ падчас знаходжаньня ў СІЗА ў Васіля значна пагоршыўся стан здароўя: ён пакутаваў ад боляў у адзінай нырцы. Сытуацыя была настолькі крытычнай, што мэдыкамэнтознае лячэньне ня мела сэнсу, патрэбная была перасадка ныркі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, нягледзячы на ціск за кратамі, сур’ёзныя праблемы са здароўем і выхад па памілаваньні, Васіль так і не прызнаў сваёй віны.
Прафсаюзнага актывіста затрымалі 19 красавіка 2022 году ў межах крымінальнай справы супраць кіраўнікоў незалежных прафсаюзаў. У студзені 2023 году Менскі гарадзкі суд пакараў лідэраў прафсаюзу РЭП вялікімі тэрмінамі зьняволеньня. Генадзь Фядыніч і Васіль Берасьнеў атрымалі па 9 гадоў калёніі, Вячаслаў Арэшка — 8 гадоў.
Берасьнева, Фядыніча і Арэшку прызналі вінаватымі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
Васіль Берасьнеў віны не прызнаў. Беларускія праваабаронцы прызналі актывіста палітычным вязьнем.
- Па стане на абед 21 жніўня праваабаронцам «Вясны» вядома, што мінімум 16 палітвязьняў выйшлі на волю па памілаванні.
- Сузаснавальнік Фонду салідарнасці BYSOL Андрэй Стрыжак у сацсетках напісаў пра 15 палітвязняў, чые імёны вядомыя па стане на абед 21 жніўня. Ён назваў Кацярыну Леў, Натальлю Пятровіч, Тамару Каравай, Сьвятлану Палуэктаву.
- 16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 палітзьняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні. У апошнія дні з калёній праз памілаваньне пачалі выходзіць палітзьняволеныя.
- Вядома, што палітвязьняў прымушаюць пісаць прашэньні аб памілаваньні, караюць за адмову. Праўладны палітоляг Юры Васкрасенскі, які раней уваходзіў у каманду Віктара Бабарыкі, называў лічбу ў 900 прашэньняў аб памілаваньні. Пра гэтым з турмаў прыходзілі зьвесткі, што палітвязьняў прымушаюць пісаць прашэньні на імя Лукашэнкі, а за адмову караюць, у тым ліку адпраўляюць у ШЫЗА і карцары.
- 3 ліпеня выйшлі на волю 18 палітзьняволеных. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны на 10 гадоў калёніі і хворы на анкалёгію Рыгор Кастусёў.
- 20 жніўня на волю выйшла былая тэлежурналістка Ксенія Луцкіна. Яе затрымалі 22 сьнежня 2020 году і ў верасьні 2022 году асудзілі на 8 гадоў калёніі. У зьняволеньні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем — пухліна ў галаўным мозгу. Таксама ўвесну яна за кратамі перахварэла на пнэўманію.
- Таксама зь сюжэту дзяржаўнага тэлеканалу стала вядома, што на волю выйшлі палітзьняволеныя Ірына Санкоўская, асуджаная на 1,5 года калёніі за «зьдзек з дзяржаўных сымбаляў», абразу прадстаўніка ўлады і Аляксандра Лукашэнкі, і Вольга Новікава, якая адбывала пакараньне за ўдзел у пратэстах. Адметна, што мужа Вольгі Віктара Новікава таксама вызвалілі праз памілаваньне, але яшчэ 3 ліпеня.
- Ініцыятыва @dissidentBY заўважыла на кадрах зь сюжэту прапагандыстаў яшчэ дзьвюх палітзьняволеных жанчын — Алу Зуеву і Вольгу Стаброўскую. 63-гадовую пэнсіянерку Алу Зуеву ў кастрычніку 2023 году асудзілі на 2,5 года калёніі за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады ў камэнтарах. Яна мае анкалягічнае захворваньне, праблемы са сьпінай, панічныя атакі. 64-гадовую Вольгу Стаброўскую ў верасьні 2023 году асудзілі на год і тры месяцаў пазбаўленьня волі за абразу Лукашэнкі. Яна інвалід трэцяй групы.
Сваякі зьняволеных актывістаў незалежных прафсаюзаў спадзяюцца, што іх таксама вызваляць датэрмінова
Дачка аднаго з актывістаў незалежных прафсаюзаў, які застаецца ў калёніі, сказала Радыё Свабода, што мае падставы спадзявацца на хуткае датэрміновае вызваленьне ейнага таты. Жанчына прасіла не называць яе прозьвішча, бо асьцерагаецца, што гэта можа пашкодзіць вызваленьню. Суразмоўца Свабоды спаслалася на словы палітвязьня Васіля Берасьнева, які выйшаў на волю праз памілаваньне.
«На жаль, з нашым татам гэтага пакуль не адбылося, але ўжо ведаем словы Берасьнева, які сказаў па выхадзе з калёніі, што неўзбавае на волі будуць усе нашы. Вельмі радыя за Васіля і верым, што ягоныя словы спраўдзяцца», — сказала суразмоўца Свабоды.
Бацька гэтай жанчыны адбывае вялікі тэрмін зьняволенья ў адной зь беларускіх калёній. Ён пэнсійнага ўзросту, у зьняволеньні ў яго абвастрыліся праблемы са здароўем. Беларускія праваабаронцы прызналі актывіста палітвязьнем і настойваюць на як мага хуткім ягоным вызваленьні.
19 красавіка 2022 году ў рамках крымінальнай справы супраць кіраўнікоў незалежных прафсаюзаў былі затрыманыя старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, ягоны намесьнік Сяргей Антусевіч, а таксама лідэры незалежных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў і Вацлаў Арэшка.
Усіх у 2023 годзе пакаралі вялікімі тэрмінамі зьняволеньня: Генадзь Фядыніч і Васіль Берасьнеў атрымалі па 9 гадоў калёніі, Вячаслаў Арэшка — 8 гадоў, Аляксандр Ярашук — 4 гады зьняволеньня, Сяргей Антусевіч — 2 гады. Зь іх на волю ў 2023 годзе выйшаў Сяргей Антусевіч, які цалкам адбыў прызначаны яму судом тэрмін.
За кратамі застаецца таксама лідэрка незалежнага прафсаюзу «Нафтана» Вольга Брыцікава, якую асудзілі на 3 гады зьняволеньня. Днямі стала вядома, што над актывісткай пачаўся новы суд.
Форум