У дакумэнце адзначаецца, што вучэбную праграму распрацавалі ў адпаведнасьці з пагадненьнем аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой, якая «выступае ў якасьці найважнейшага сацыяльнага інстытуту, чый гістарычны досьвед, духоўны патэнцыял і шматвяковая культурная спадчына аказвае істотны ўплыў на фармаваньне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народу».
Адначасова распрацоўнікі праграмы падкрэсьлілі, што «пры вызначэньні зьместу факультатыўных заняткаў зьяўляецца неабходным улік сьвецкага характару адукацыі і прытрымліваньне адпаведных нарматыўных прававых актаў», піша Позірк.
Праграма факультатыву прысьвечана хрысціянскім каштоўнасцям, вывучэньню жыцьця ўшанаваных БПЦ сьвятых. Тэмамі факультатыўных заняткаў, у прыватнасьці, будуць «сьціпласьць, пакора, рахманасьць», «міласэрнасьць, спачуваньне, дабрыня, сумленнасьць, праўдалюбства», «сумленьне, раскаяньне», «служэньне, мужнасьць, гонар», «духоўнае краязнаўства», «захаваньне і прымнажэньне духоўнай спадчыны як праява любові да Радзімы».
У праграме ўвогуле не пералічваюцца сьвятыні іншых, акрамя праваслаўнай, канфэсій у Беларусі. Прасоўваюцца такія наратывы, як «грэх ухіленьня ад абавязку вайсковай службы».
Расейская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй «кананічнай тэрыторыяй». Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасьць вернікаў у 4 млн чалавек. Па стане на 1 студзеня 2024 году Праваслаўная царква ў Беларусі налічвала 1737 прыходаў у 15 эпархіях, працавала 1878 храмаў, на этапе будаўніцтва знаходзілася 147.
РПЦ адкрыта падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны. Найбольш актыўны ў Беларусі — менскі Сьвята-Лізавецінскі манастыр, гісторыя якога, між іншым, вывучаецца ў рамках праграмы. Манастыр рэгулярна ладзіць акцыі, якія падтрымліваюць расейскую агрэсію ва Ўкраіне.
БПЦ заключае дамовы супрацоўніцтва зь Міністэрствам адукацыі з 1994 году. Цяпер рэалізуецца праграма супрацоўніцтва на 2020–2025 гады. 3 красавіка паведамлялася, што Міністэрства адукацыі зацьвердзіла вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Азбука маральнасьці» для школьнікаў 2–3 клясаў.
Форум