Савет міністраў Беларусі ўзгадніў перадачу Міністэрствам абароны бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі жаночаму манастыру Сьвятых жанчын-міраносіц у Бабруйску.
Як сказана ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ўраду, дапамогу перададуць на падставе дамовы, падпісанай паміж Міністэрствам абароны і манастыром.
У пастанове не ўдакладняецца, якой дапамогі патрабуе манастыр.
Цяпер на тэрыторыі манастыра будуюць сабор у гонар князя Аляксандра Неўскага і храм Іконы Божай маці Жыровіцкай.
Што вядома пра манастыр
Сынод Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату ўхваліў рашэньне аб стварэньні манастыра 12 чэрвеня 2008 году. Яго першай настаяцельніцай была ігуменьня Раіса (Пуціліна).
Улады Беларусі перадалі Беларускаму экзархату частку гістарычнай тэрыторыі Бабруйскай крэпасьці з шасьцю будынкамі, якія патрабавалі капітальнага рамонту.
У 2009 годзе завяршылі рамонт манаскага корпусу і асьвяцілі царкву. У тым жа годзе знайшлі падмурак узарванага ў 1934 годзе вайсковага сабору Аляксандра Неўскага і пачалі яго аднаўленьн.
Цяпер настаяцельніцай манастыра служыць ігуменьня Параскева (Натальля Ельская), якая нарадзілася ў 1978 годзе ў сям’і вайскоўца ў Кішынёве (Малдова). У 2023 годзе яе назвалі «жанчынай году» Беларусі ў намінацыі «Духоўнасьць і культура». Як вынікае з сайту адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйску, яна супрацоўнічае з праўладнай арганізацыяй «Белая Русь».
Яе дзяды па бацьку паходзілі з Копысі Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. У Беларусь яна разам зь сям’ёй пераехала ў 2020 годзе — датуль яна жыла ў манастырах Украіны, а яе бацькі ў Кіеве. Манаскі пострыг яна атрымала ў 2015 годзе ад кіраўніка прадстаўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне мітрапаліта Ануфрыя.
Ігуменьня Параскева ўдзельнічала ў культурна-асьветным праекце Бабруйскай япархіі для жанчын «Жывы часопіс „Сьвет жанчыны“». Яна таксама бярэ ўдзел ува ўсіх сьвяточных багаслужбах, якія правіць кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Веньямін.
Штогод удзельнічае ў паветраных хросных хадах у небе над Бабруйскам.
Манастыр часта наведваюць прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі, у тым ліку міністар Віктар Хрэнін.
У лістападзе 2023 году ў інтэрвію выданьню «СБ» ігуменьня Параскева расказала, як ставіцца да падзей 2020 году ў Беларусі і да Аляксандра Лукашэнкі.
«Была вельмі радая, што на чале дзяржавы стаіць Аляксандар Лукашэнка. І калі я езьдзіла ў Беларусь, мяне заўсёды прасілі перадаць Аляксандру Рыгоравіч паклон. Гэта цалкам магло быць рэальнасьцю, бо ён часта наведвае сваю малую бацькаўшчыну. У 2020 годзе дзякуючы намаганьням Аляксандра Рыгоравіча беларусы захавалі і краіну, і яе незалежнасьць», — сказала яна.
Ігуменьня Параскева таксама расказала, што гадавалася на гісторыях пра Аляксандра Лукашэнку. «Вёска Вялікі Межнік знаходзіцца па суседзтве з Александрыяй. Мой прадзед Васіль Яфімавіч Ельскі ў свой час ачольваў Александрыйскі сельсавет. Ужо на пэнсіі, пабачыўшы маладога Аляксандра Рыгоравіча і паразмаўляўшы зь ім, прадзед у коле сям’і сказаў, што гэта будзе вялікі чалавек», — дадала яна.
Міністэрства абароны Беларусі надасьць дапамогу манастыру ў трэці раз — у 2021 годзе, паводле зьвестак выданьня «Люстэрка», вайсковае ведамства ўзяла шэфства над ім і актыўна ўдзельнічае ў аднаўленьні сабору Аляксандра Неўскага.
Форум