Арганізатары акцыі праводзілі паралелі паміж акупацыяй Чэхаславаччыны і вайной Расеі супраць Украіны і выказвалі салідарнасьць з украінскай барацьбой за свабоду і незалежнасьць, піша ўкраінская служба Свабоды.
«Для нас акупацыя Чэхаславаччыны была вельмі траўматычным досьведам, які мы адчуваем дагэтуль. Мы сабраліся сёньня, каб успомніць тыя трагічныя падзеі і выказаць нашу салідарнасьць з Украінай і нашу шчырую падтрымку», — сказала Радыё Свабода Андрыяна Чэрна, каардынатарка акцыі.
Савецкія войскі перайшлі мяжу з Чэхаславаччынай у ноч з 20 на 21 жніўня, таму арганізатары вырашылі правесьці мерапрыемства пасьля наступленьня цемры і запалілі бэнгальскія агні як «сымбаль надзеі».
Каля расейскай амбасады ў Чэхіі таксама гучала песьня «Ідзі дадому, Іване» — гэты лёзунг выкарыстоўвалі чэхі і славакі падчас уварваньня ў 1968 годзе.
Праекцыя з такім жа надпісам «Go home, Ivan» і «Go home, Russians» таксама зьявілася ўвечары ў аўторак, 20 жніўня, на будынку ўраду Чэхіі. Гэтую акцыю падрыхтавала арганізацыя «Падарунак для Пуціна», якая з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейцаў ва Ўкраіну рэгулярна ладзіць акцыі ў падтрымку Кіева.
Форум