Літва 19 жніўня пачала будаўніцтва вайсковай базы ў Рудніках (Rūdninkai), непадалёк ад Вільні і ўсяго за 20 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. Там напрыканцы 2027 году плянуюць разьмясьціць да 4 тысяч нямецкіх вайскоўцаў, паведамляе Reuters.
На вайсковай базе таксама будуць стрэльбішчы і абсталяваная тэрыторыя для захоўваньня і тэхнічнага абслугоўваньня танкаў і іншай тэхнікі.
Яшчэ каля тысячы нямецкіх вайскоўцаў і цывільных падрадчыкаў накіруюць на іншыя аб’екты ў Літве.
«Гэта будзе служыць сродкам заспакаеньня нашага насельніцтва — а таксама сродкам стрымліваньня расейцаў», — заявіў міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс.
Летась Нямеччына ўзяла на сябе абавязаньне разьмясьціць войскі ў краіне-сябры NATO і Эўразьвязу, якая мяжуе з Расеяй. Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс параўнаў гэтае рашэньне з разьмяшчэньнем саюзных сілаў у Заходняй Нямеччыны падчас халоднай вайны для абароны Заходняй Эўропы ў выпадку савецкага нападу.
На працягу наступных трох гадоў Літва выдаткуе на разьвіцьцё гэтай вайсковай базы больш за 1 мільярд эўра ў рамках аднаго з найбуйнейшых будаўнічых праектаў у гісторыі краіны, паведаміў камандуючы Ўзброенымі сіламі Літвы Раймундас Вайкшнорас, адзначыўшы, што гэта «вялікая інвэстыцыя» для 2,9-мільённай краіны з эканомікай, якая складае дзясятую частку нямецкае.
Урад Нямеччыны запрасіў у парлямэнту 2,93 мільярда эўра, каб замовіць 105 танкаў Leopard 2 A8, часткова для абсталяваньня літоўскай базы, гаворыцца ў канфідэнцыйным праекце бюджэту, зь якім Reuters азнаёмілася ў чэрвені.
- З 2022 году нямецкая брыгада павышанай пільнасьці нясе дзяжурства ў Літве. Са сьнежня 2023 году камандаваньне гэтай брыгадай колькасьцю каля 4 тысяч чалавек перадалі 21-й брыгадзе Бундэсвэру, якая ўваходзіць у Сілы хуткага рэагаваньня войска Нямеччыны.
- Днямі стала вядома, што Нямеччына перакідае больш за 650 адзінак вайсковай тэхнікі ў Літву па сушы і моры нямецкай брыгадай павышанай пільнасьці для правядзеньня вучэньняў Grand Eagle-2/24, якія працягнуцца да 8 верасьня.
- 18 жніўня камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі Андрэй Лук’яновіч заявіў у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ, што абстаноўка ў блізкім памежжы «цяпер няпростая», таму неабходна загадзя рыхтавацца да «адкрытага супрацьстаяньня Беларусі і Расеі з блёкам NATO».
- Аляксандар Лукашэнка днямі ў інтэрвію расейскаму прапагандысцкаму тэлеканалу «Россия» прыгразіў наступам на Захад. «Ня першы год мы з Пуціным плянуем абарону заходняга напрамку. Ня першы год у нас абарончыя пляны існуюць, а калі трэба, мы іх перавядзем і ў наступальныя», — заявіў Лукашэнка.
Форум